Мінск 02:36

Султан Амана павіншаваў Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў

30 студзеня, Позірк. Султан Амана Хайсам бэн Тарык аль Саід “накіраваў тэлеграму” з віншаваннямі Аляксандру Лукашэнку ў сувязі з падаўжэннем ім уладных паўнамоцтваў, паведаміла 29 студзеня Oman News Agency.

Адзначаецца, што ў тэлеграме султан выказаў Лукашэнку “свае шчырыя пачуцці і найлепшыя пажаданні весці народ сваёй краіны да дасягнення далейшых мэтаў і рэалізацыі праектаў ва ўсіх абласцях”.

Таксама віншавальнік выказаў зацікаўленасць у “далейшым развіцці і пашырэнні адносін супрацоўніцтва і партнёрства паміж дзвюма краінамі на карысць народаў дзвюх краін”.

Аб атрыманні “тэлеграмы” з Амана прэс-служба Лукашэнкі не паведамляла.

Лукашэнка наведваў Аман у снежні 2024 года і падчас візіту заявіў, што Хайсам бэн Тарык аль Саід паабяцаў наведаць Беларусь у 2025 годзе.

Паводле папярэдніх звестак Цэнтрвыбаркама, на мерапрыемстве 26 студзеня, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, Лукашэнка атрымаў 5.136.293 галасы (86,82%). Канчатковыя вынікі будуць падведзеныя 3 лютага.

Віншаванні ў яго адрас накіравалі кіраўнікі 20 дзяржаў: Азербайджана, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ірана, Казахстана, Кітая, Кубы, Кыргызстана, Нікарагуа, ААЭ, Амана, Пакістана, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі і Узбекістана.

Падзяліцца: