Мінск 02:36

Галоўчанка прапанаваў віцэ-прэзідэнту Ірана перайсці ад слоў да “практычнай рэалізацыі праектаў”

Крыніца: iran.ru

30 студзеня, Позірк. У двухбаковым парадку дня Беларусі і Ірана ёсць “некалькі вельмі важных сумесных праектаў для рэалізацыі ў сферы прамысловай кааперацыі”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана (пасада адпавядае ўзроўню кіраўніка ўрада) Махамадам Рэзай Арэфам.

Прэс-служба ўрада Беларусі паведамляе, што сустрэча прайшла 30 студзеня ў Алматы (Казахстан) перад пасяджэннем Еўразійскага міжурадавага савета (Іран мае статус назіральніка ў ЕАЭС).

Паводле слоў Галоўчанкі, “доўгі час абмяркоўваюцца падыходы” да згаданых праектаў. “Лічым, што прыйшоў час перайсці да іх практычнай рэалізацыі”, — сказаў ён.

“Гаворка ідзе аб вытворчасці ў Іране трактарнай тэхнікі, камбайнаў, пасажырскай тэхнікі (аўтобусаў, электробусаў). Улічваючы тую ўвагу, якую кіраўніцтва Ірана надае зялёнай энергетыцы, экалагічным праблемам, мы прапануем выкарыстоўваць наш вопыт у сферы электратранспарту”, — удакладніў прэм’ер.

Ён падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца “адным з асноўных пастаўшчыкоў цяжкіх самазвалаў для горназдабыўной галіны Ірана”.

15 студзеня Галоўчанка, прымаючы міністра прамысловасці, шахт і гандлю Ірана Сейеда Махамада Атабака, які знаходзіўся з візітам у Мінску, канстатаваў, што, пачынаючы з 2022 года назіраецца “ўстойлівы рост аб’ёмаў узаемнага гандлю” дзвюх краін.

Галоўчанка адзначыў, што ў 2022 годзе аб’ём двухбаковага тавараабароту вырас у тры разы, і паведаміў, што ён таксама павялічыўся ў 2023-м і статыстыка павінна паказаць рост па выніках мінулага года.

Пры гэтым кіраўнік беларускага ўрада не назваў канкрэтных лічбаў двухбаковага гандлю.

Ён таксама нагадаў, што ў ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран пазамінулым годзе была падпісана дарожная карта ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады, а таксама згадаў пра сустрэчу Лукашэнкі і прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна на палях саміту БРІКС у кастрычніку 2024 года. Прэм’ер-міністр выказаў надзею, што візіт Пезешкіяна ў Беларусь адбудзецца ў 2025 годзе.

Паводле слоў іранскага міністра, у Тэгеране “гатовыя і змогуць” паставіць у Беларусь нафту, нафтахімічную прадукцыю, а таксама адпаведнае абсталяванне. Акрамя таго, Іран цікавіць супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва і рамонту заводаў, цеплавых электрастанцый.

“Мы можам сумесна ўзаемадзейнічаць у горназдабыўной сферы, харчовай прамысловасці, фармацэўтыцы і па пастаўках медабсталявання”, — дадаў Атабак.

Пры гэтым, паводле яго слоў, з улікам удалага геаграфічнага размяшчэння Ірана краіна можа прапанаваць Беларусі новыя лагістычныя магчымасці і доступ да мора.

Паводле іранскай статыстыкі, з 21 сакавіка 2023 года да 19 сакавіка 2024-га (1402 год паводле іранскага календара) экспарт Ірана ў Беларусь вырас на 34% і дасягнуў 20 млн долараў, беларускія пастаўкі ў гэтую краіну павялічыліся на 35% да 59 млн долараў.

24 лістапада мінулага года старшыня Палаты шахт Ірана Махамад Рэза Бахраман на сустрэчы з амбасадарам Беларусі Дзмітрыем Кальцовым, заявіў, што Беларусь з’яўляецца ключавым пастаўшчыком тэхнікі для горназдабыўной прамысловасці Ірана.

У Іране раней працавала зборачная вытворчасць грузавых аўтамабіляў МАЗ, прадпрымаліся беспаспяховыя спробы арганізаваць зборку беларускіх трактароў.

Падзяліцца: