Мінск 14:44

Беларусь і Венесуэла маюць намер усталяваць “спрыяльныя ўмовы для ўзаемавыгаднага гандлю”

Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

31 студзеня, Позірк. Пытанні супрацы ў гандлёва-эканамічнай сферы абмеркавалі на сустрэчы 29 студзеня амбасадар Беларусі Андрэй Молчан і міністр знешняга гандлю Венесуэлы Карамота Гадой Кальдэрон.

“Бакі <…> пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым развіцці эканамічных стасункаў паміж краінамі, вызначылі план сумесных мерапрыемстваў па стварэнні спрыяльных умоў для ўзаемавыгаднага гандлю”, — паведаміла беларускае знешнепалітычнае ведамства на наступны дзень пасля сустрэчы.

Перспектывы “нарошчвання ўзаемадзеяння” ў гандлёва-эканамічнай сферы 29 студзеня таксама абмеркавалі амбасадар Беларусі Валерый Бараноўскі і міністр знешняга гандлю і замежных інвестыцый Кубы Оскар Перэс-Аліва Фрага. Паводле інфармацыі МЗС, “асаблівую ўвагу” яны надалі пытанню развіцця прамысловай кааперацыі “праз стварэнне сумесных прадпрыемстваў”, а таксама пошуку “магчымых кірунказ для павелічэння ўзаемных паставак”.

Суразмоўцы абгаварылі падрыхтоўку да 12-га пасяджэння двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы, якое плануецца правесці ў другім квартале гэтага года ў Гаване.

Пры прызначэнні новых амбасадараў 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што галоўная задача МЗС заключаецца ў развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў: “Маецца гандлёвы абарот — добра. Няма гандлю — не працуеце. Вось адзінае да вас патрабаванне”.

Летась у ліпені прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка наведваў краіны Лацінскай Амерыкі, у тым ліку Венесуэлу і Кубу.

Па выніках візіту чыноўнік заявіў, што Мінску трэба перазапусціць эканамічныя стасункі з Каракасам, найперш у плане працы сумесных прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, на фоне санкцый ранейшая мадэль гандлёва-эканамічных стасункаў “працаваць не можа і не будзе”. “Таму пераходзім на працу паводле класічнай камерцыйнай схемы. Будзем займацца збытам, будзем шукаць свайго спажыўца”, — адзначыў кіраўнік урада.

На Кубе, заявіў Галоўчанка, “нягледзячы на складанасці”, беларуская дэлегацыя “адшукала магчымасць пастаўкі прадукцыі”. Паводле яго слоў, “пастрожанне амерыканскай блакады прывяло да зніжэння паступленняў у кубінскі бюджэт”. “Рашэнне знайшлі шляхам заключэння кантрактаў на пастаўку тавараў як з непасрэднай аплатай, так і за кошт імпарту запатрабаванай у Беларусі кубінскай прадукцыі”, — сказаў прэм’ер.

Сёлета ў студзені Венесуэлу наведваў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч (экс-міністр энергетыкі). Кіраўнік гэтай лацінаамерыканскай краіны Нікалас Мадура па выніках сустрэчы з госцем пацвердзіў гатоўнасць здзейсніць візіт у Беларусь у 2025-м.

Падзяліцца: