Мінск 20:44

Белстат абвінаваціў ААН у скажэнні статыстыкі па Беларусі

Крыніца: wikimedia.org

31 студзеня, Позірк. Нацыянальны статыстычны камітэт у 2024 годзе “зрабіў поўнамаштабнае абследаванне і выгрузку ўсіх даных [па Беларусі], якія маюцца ў базах ААН”, паведамляюць дзяржаўныя СМІ са спасылкай на старшыню Белстата Іну Мядзведзеву.

“Мы пераправерылі ўсе даныя і выявілася, што шэраг даных па краіне прадстаўлены на аснове экспертных ацэнак і недакладнай інфармацыі, — заявіла журналістам чыноўніца 31 студзеня перад выніковай калегіяй ведамства. — Былі накіраваныя запыты ў адпаведныя арганізацыі, і наша праца дала вынік. СААЗ (Сусветная арганізацыя аховы здароўя. — “Позірк”.) і шэраг іншых арганізацый замянілі паказчыкі”.

Паводле слоў Мядзведзевай, на актуальныя даныя быў заменены паказчык па мацярынскай смяротнасці, які, як сцвярджаецца, у Беларусі імкнецца да нуля, а таксама “паказчык па тых, хто жыве ў трушчобах”; адкарэктаваныя некаторыя паказчыкі Міжнароднай арганізацыі працы.

“Па шэрагу агенцтваў мы дабіліся таго, каб быў адкарэктаваны паказчык сярэднегадовай колькасці насельніцтва Беларусі”, — падкрэсліла яна, не ўдакладніўшы, у які бок зробленыя змяненні.

18 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ААН і Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) “намаганнямі нашых заходніх апанентаў” ператвараюцца “ў інстытуты ціску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў”.

У той жа час палітык не прапускае магчымасці сустрэцца з генеральным сакратаром арганізацыі Антоніу Гутэрышам. Апошняя такая сустрэча адбылася летась у кастрычніку.

Падзяліцца: