Мінск 21:07

У жыхара Мінскай вобласці вынялі арсенал агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі, мноства боепрыпасаў

Скрыншот: відэаматэрыял МУС

31 студзеня, Позірк. Арсенал агнястрэльнай і пнеўматычнай зброі вынялі ў 53-гадовага жыхара Мінскай вобласці супрацоўнікі Бярэзінскага РАУС і міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Дома ў мужчыны знайшлі даўгаствольны карабін, дзве вінтоўкі, баявы рэвальвер, пісталет, гладкаствольную паляўнічую стрэльбу, пнеўматычны пісталет, пнеўматычную вінтоўку, а таксама каля 50 складовых частак зброі, больш як 1,7 тыс. боепрыпасаў, каля 2,5 кг пораху.

Акрамя таго, ён меў афіцэрскі пяхотны корцік Вермахта ўзору 1935 года, два ручныя металашукальнікі і прадметы з месцаў баёў часоў Другой сусветнай вайны.

Адзначаецца, што сілавікі прыйшлі да мужчыны, атрымаўшы аператыўную інфармацыю пра тое, што той захоўвае нелегальную зброю.

“Прызначаны шэраг экспертыз. Дзеянням фігуранта будзе дадзена прававая ацэнка”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі МУС, санкцыя за “незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў” — да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што асобы, што добраахвотна здалі зброю і боепрыпасы, якія незаконна захоўваюцца ў іх, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці.

Больш за 700 адзінак зброі пазбавіліся беларусы ў выніку асноўнага этапа аперацыі “Арсенал” 7–11 кастрычніка 2024 года. З абароту было вынята “больш за 85 адзінак” незарэгістраванай агнястрэльнай зброі і больш за 7 тыс. боепрыпасаў рознага калібру.

За дзесяць месяцаў мінулага года міліцыя забрала ў жыхароў Беларусі каля 2 тыс. адзінак зброі і больш за 60 тыс. боепрыпасаў.

Падзяліцца: