Мінск 16:57

Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю (дапоўнена)

Архіўнае фота: сацсеткі Паліны Шарэнда-Панасюк

1 лютага, Позірк. Актывістка грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю “па завяршэнні чацвёртага тэрміну”, паведаміў у “Фэйсбуку” яе муж Андрэй Шарэнда.

“Чатыры гады і 1 месяц за кратамі”, — дадаў ён.

“Вельмі радая, што Паліна Шарэнда-Панасюк нарэшце вольная пасля 4+ гадоў пакут і можа ўз’яднацца са сваёй сям’ёй пасля заканчэння свайго 4-га турэмнага тэрміну. Яна страціла здароўе, але не прынцыпы. Мы павінны працягваць змагацца за тых, хто ўсё яшчэ несправядліва заключаны ў турму“, — адрэагавала на навіну беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Шарэнда-Панасюк знаходзілася ў няволі з 3 студзеня 2021 года. Праз шэсць месяцаў пасля затрымання суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў яе да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

У красавіку 2022 года, кастрычніку 2023-га і кастрычніку 2024-га палітвязню прызнавалі вінаватай па арт. 411 КК. Дадаткова яна атрымала тры гады і адзін дзень пазбаўлення свабоды. Цяпер, а не пазней, яна выйшла на волю ў сувязі з тым, што дзень у СІЗА лічыцца за паўтара.

21 сакавіка 2024 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын заклікаў беларускія ўлады прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта стала першым такім выпадкам па справах супраць Беларусі.

На наступны дзень у эфір выйшла інтэрв’ю палітвязню дзяржаўнаму тэлеканалу “Беларусь 1”, у якім яна сказала, што звярнулася да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні.

Праваабаронцы паведамілі, што Шарэнда-Панасюк можа выйсці на волю 21 траўня, аднак пасля стала вядома, што ў дачыненні да яе распачалі трэцюю крымінальную справу па арт. 411 КК.

Андрэй Шарэнда, які вымушана з’ехаў за мяжу з двума дзецьмі, паведамляў аб рэзкім пагаршэнні стану жонкі, у якой дыягнаставаны хранічны панкрэатыт — “вельмі сур’ёзнае захворванне, якое патрабуе строгай дыеты і пастаяннага кантролю ўрачоў”.

Падзяліцца: