Мінск 00:59

Ціханоўская: Лукашэнка лепш за ўсіх ведае, як зняць санкцыі

Стоп-кадр відэазапісу інтэрв'ю: "Позірк"

1 лютага, Позірк. Санкцыі Захаду ў дачыненні да афіцыйнага Мінска павінны быць “разумнымі і вельмі кропкавымі“, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю тэлеканалу “Настоящее время”.

Яна паўтарыла сваё меркаванне, што санкцыйныя абмежаванні — “гэта не срэбная куля, якая знішчыць рэжым, але гэта дзейсны інструмент спусташэння “гаманцоў“ рэжыму Лукашэнкі“.

Санкцыі дзейсныя, калі “не будзе магчымасці іх абыходзіць“, дадала палітык: “Адсочванне выканання санкцый — вось тут, напэўна, ёсць прабелы. І дагэтуль прыходзіць інфармацыя, што і еўрапейскія краіны працягваюць нейкім чынам гандляваць і з беларускім рэжымам, і з Расіяй. І, вядома, такія рэчы трэба спыняць”.

У сувязі з гэтым Ціханоўская заклікала заходні бізнэс быць “каштоўнасна арыентаваным“, а не“ думаць толькі пра зараблянне грошай” пры магчымым супрацоўніцтве з Мінскам.

На яе думку, Аляксандру Лукашэнку не патрэбны дыялог з Захадам, “яму патрэбная капітуляцыя“: “[Улады] хочуць, каб да іх прыйшлі на паклон і дэмсілы, і заходнія партнёры. І пачалі выкупляць, пакланіўшыся, палітычных зняволеных”.

Дэмлідар падтрымлівае выхад палітвязняў праз працэдуру памілавання, але “калі выпусцілі дзесяць чалавек, забралі ў той жа дзень трыццаць <…>, то гэта не змена палітыкі”.

“І мы кажам нашым заходнім партнёрам: “Не давайце падмануць сябе зноў”. Мы такое бачылі і ў 2010 –2011-м [гадах], калі гандляваліся людзьмі, абменьвалі іх на санкцыі“, — адзначыла Ціханоўская.

Пасылам з боку рэжыму аб гатоўнасці да дыялогу з заходнімі краінамі і “агульнанацыянальнага дыялогу“, на яе думку, было б спыненне рэпрэсій у Беларусі “як мінімум на працяглы час“.

“Цяпер ход за Лукашэнкам. Лукашэнка лепш за ўсіх ведае, як зняць санкцыі з Беларусі, як прыйсці да нацыянальнага дыялогу. Але ён гэтага не робіць. Значыць, яму гэта пакуль не трэба. Значыць, мала ціску”, — заявіла дэмлідар.

Каментуючы неафіцыйную інфармацыю аб тым, што да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны плануецца ўзмацніць санкцыі Еўрасаюза, забараніўшы пастаўкі ў Беларусь і праз яе тэрыторыю тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць “тэхналагічнаму ўдасканаленню сектара абароны і бяспекі“ краіны, Ціханоўская заклікала ўвесці абмежаванні супраць усіх прадпрыемстваў і чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да агрэсіі.

“Тут патрэбная паслядоўнасць: не дапаможа гэты пакет санкцый, значыць, трэба распрацоўваць наступны“, — сказала яна.

Падзяліцца: