Эканаміст Павел Данэйка завочна асуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі
3 лютага, Позірк. Мінскі гарадскі суд 31 студзеня завочна прыгаварыў адміністрацыйнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Паўла Данэйку да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму і пастанавіў спагнаць з яго штраф — 13.000 базавых велічынь (546.000 рублёў), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
На падставе ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) яго пакаралі 9 гадамі зняволення і штрафам у памеры 10.000 б.в. (420.000 рублёў); ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) — 3 гадамі і штрафам 3.000 б.в. (126.000 рублёў).
Эканаміст таксама прызнаны вінаватым у “арганізацыі і кіраўніцтве прадпрымальніцкай дзейнасцю, што ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), і прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), спалучанай з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры” (ч. 4 арт. 16, ч. 2 арт. 233). За гэта яму прызначаны штраф — 2.000 б.в. (84.000 рублёў).
Канчатковы вырак вынесены “па сукупнасці злачынстваў шляхам поўнага складання прызначаных асноўных пакаранняў і далучэння дадатковых пакаранняў”, адзначаюць праваабаронцы.
Спецыяльная вытворчасць у дачыненні да мужчыны была распачатая летась 8 кастрычніка. Пра тое, што Генеральная пракуратура накіравала справу ў суд , стала вядома 9 снежня.
Згодна з матэрыяламі справы, “абвінавачаны пры непасрэдным удзеле работнікаў прадпрыемства распрацаваў і прывёў у выкананне схему незаконнай дзейнасці, у якой выкарыстоўваў суб’ект гаспадарання як інструмент для адыходу ад працэдуры ліцэнзавання”.
Генпракуратура сцвярджала, што мэта была наступная — “праводзіць мерапрыемствы па падвышэнні кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спецыялістаў, у тым ліку якія ўключаюць рэалізацыю навучальных праграм агульнапрафесійных дысцыплін, а таксама дысцыплін праграмы перападрыхтоўкі кіроўных работнікаў і спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй”.
Данэйка, заяўляла ведамства, разам з іншымі работнікамі заключаў з суб’ектамі гаспадарання і грамадзянамі Беларусі дагаворы “аб аказанні кансультацыйных (кансалтынгавых) паслуг”.
Сцвярджалася, што сума “атрыманага злачынным шляхам даходу” перавысіла 200 тыс. рублёў.
Эканаміста таксама абвінавачвалі ў тым, што ў жніўні 2020 года ён увайшоў у склад прызнанай “экстрэмісцкім фарміраваннем” Каардынацыйнай рады (КР) і “як яго ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэт неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь”.
Павел Данэйка — эканаміст, у мінулым генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту, якая працавала ў Беларусі з 1993 года. Мінгарвыканкам ліквідаваў гэтую бізнес-школу 22 ліпеня 2021 года.
Данэйка ўваходзіў у саветы дырэктараў “Белгазпрамбанка” і “Гомсельмаша”. У 1995–1996 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.
Паведамлялася, што ў 2020 годзе яго выклікалі ў Следчы камітэт на допыт па факце ўваходжання ў склад КР.
4 кастрычніка ў Вільнюсе афіцыйна адкрылася бакалаўрская праграма “Бізнес-эканоміка” Школы эканомікі і бізнесу BISEB (BEROC-IPM School of Economics and Business) — філіяла Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ), у стварэнні якой удзельнічаў Данэйка.
Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЗа год у Беларусі стала менш дзіцячых садкоў, школ і ВНУМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ Беларусі доля работнікаў ва ўзросце да 30 гадоў скарачаецца восем гадоў запарМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 лютага 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць нелегалаў на мяжы Беларусі і ЕС у студзені 2025 года вырасла ў 4,5 раза ў параўнанні са студзенем 2024-гаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў студзені знізіўся на 2,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства