Мінск 17:55

Абвешчаны збор сродкаў на захаванне магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку

Фота: ініцыятыва па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку

3 лютага, Позірк. Грамадская ініцыятыва па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку абвясціла збор сродкаў — 11.200 злотых (2.650 еўра) — на захаванне адпаведных месцаў пахаванняў.

Ініцыятыва адзначыла, што Беласток “заўсёды быў важным цэнтрам беларускай культуры” ў Польшчы: “Тут, на могілках Усіх Святых, спачываюць дзеячы, якія прысвяцілі сваё жыццё захаванню беларускай мовы, традыцый і ідэнтычнасці. Аднак кожныя 20 гадоў патрэбная аплата за ўтрыманне магіл. Калі гэтага не зрабіць, яны могуць быць аддадзеныя пад новыя пахаванні”.

Сродкі неабходныя для захавання магіл заснавальніка хораў у Беларускім школьным таварыстве Кастуся Кіслага, актыўных удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху Лявона і Сяргея Богушаў, а таксама педагога, удзельніка беларускага нацыянальнага падполля Мікалая Чарнецкага.

Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на сплату арэнднай запазычанасці і працяг арэнды месцаў пахаванняў да 2045 года, а таксама на догляд тэрыторыі могілак і помнікаў, захаванне памяці пра дзеячоў, якія “пакінулі значны след у гісторыі Беларусі”.

Падзяліцца: