Мінск 14:36

Лукашэнка лічыць студэнтаў са Шры-Ланкі “унікальным рэсурсам” для рэалізацыі двухбаковых праектаў

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта са Шры-Ланкі
Ілюстрацыйнае фота: сайт ВДМУ

4 лютага, Позірк. Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні палітычнай, гандлёвай і гуманітарнай супрацы са Шры-Ланкай, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 4 лютага прэзідэнта гэтай дзяржавы ў Паўднёвай Азіі Ануру Кумару Дысанаяку з Днём незалежнасці.

На думку віншавальніка, пасланне якога публікуе яго прэс-служба, дзве краіны маюць “унікальны рэсурс для рэалізацыі самых амбіцыйных праектаў”: “Амаль 2 тыс. ланкійскіх студэнтаў цяпер атрымліваюць адукацыю сусветнага ўзроўню ў беларускіх вышэйшых навучальных установах”.

Лукашэнка перакананы, што гэтыя студэнты “не толькі зробяць годны ўнёсак у развіццё роднага краю”, але таксама “стануць каталізатарам новых сумесных ідэй і залогам сяброўства народаў Беларусі і Шры-Ланкі”.

“Буду рады магчымасці абмеркаваць з вамі пытанні двухбаковых стасункаў і сучаснага парадку дня на палях аднаго з міжнародных форумаў у 2025 годзе”, — звярнуўся ён да Дысанаякі.

На палях саміту БРІКС у Казані (РФ) 23 кастрычніка 2024 года міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў абмеркаваў з першай намесніцай кіраўніка МЗС Шры-Ланкі Аруні Ясодха Віджэвардане “пытанні развіцця двухбаковых стасункаў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай сферах”. Беларускае знешнепалітычнае ведамства паведаміла, што “ў кантэксце развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння” на перагаворах была падкрэсленая “значнасць навучання ў Беларусі студэнтаў са Шры-Ланкі, перш за ўсё, у медычных ВНУ”.

Амбасадар Беларусі ў Індыі і Шры-Ланцы па сумяшчальніцтве Міхаіл Касько, уручаючы летась напрыканцы лістапада даверчыя граматы Дысанаяку, заявіў пра наяўнасць “значнага патэнцыялу для нарошчвання ўзаемадзеяння ў розных сферах, у прыватнасці, у гандлі, адукацыі, навуцы, турызме, культуры, а таксама па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікай Шры-Ланка ўсталяваныя 20 лістапада 2000 года.

Паводле звестак на сайце амбасады Беларусі ў Індыі, у 2021 годзе тавараабарот са Шры-Ланкай вырас да 39,6 млн долараў (+23,7%), беларускі экспарт павялічыўся да 31 млн (+27,2%), імпарт — да 8 ,5 млн (+13%). Асноўная экспартная прадукцыя ў Шры-Ланку — калійныя ўгнаенні.

Актуальных звестак пра ўзаемны гандаль на сайце амбасады не прадстаўлена.

Падзяліцца: