Мінск 17:00

Літоўскі дэпутат Тамілінас стаў сімвалічным хросным палітвязня Кучука

Зміцер Кучук і Томас Тамілінас (злева направа)
Фота: сацсеткі Кучука; J. Stacevičiaus / lrytas.lt (калаж — "Позірк")

4 лютага, Позірк. Сімвалічным хросным экс-старшыні Беларускай партыі “Зялёныя”, палітвязня Змітра Кучука стаў дэпутат Сейма Літвы, член партыі “У імя Літвы” (узначальвае спікер парламента Саўлюс Скверняліс) Томас Тамілінас, паведамляе “Парламенцкі канал”.

Пра сваё рашэнне літоўскі парламентарый паведаміў напрыканцы мінулага тыдня на сустрэчы з дарадцамі беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай — Анатолем Лябедзькам (па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы) і Дзянісам Кучынскім (па пытаннях дыпламатыі).

Тамілінас, адзначае “Парламенцкі канал”, працуе па беларускім парадку дня “ўжо не адзін год” і “цудоўна размаўляе” на беларускай мове.

Паведамляецца, што на сустрэчы сярод іншага абмяркоўвалася магчымая сумесная заява літоўскіх і беларускіх партый (у Беларусі прадэмакратычныя партыі ліквідаваныя, але працягваюць працаваць за мяжой) па тэме “літвінізму”; “пашпарт новай Беларусі”; супраца Сейма з Каардынацыйнай радай.

Летась 24 снежня стала вядома, што Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Змітра Кучука да 6 гадоў пазбаўлення волі. Палітыка таксама абавязалі выплаціць штраф — 500 базавых велічынь (на момант вынясення выраку — 20.000 рублёў).

Кучук абвінавачваўся паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Палітыка затрымалі 16 лютага 2024 года па дарозе да амбасады РФ у Мінску, каля якога той хацеў ускласці кветкі і запаліць лампадкі ў памяць пра расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, які памёр у калоніі.

23 снежня 2023 года Кучуку адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У 2021 годзе палітыка арыштавалі на 15 сутак пасля таго, як ён разам з іншымі актывістамі падаў заяўку на правядзенне акцыі “Чарнобыльскі шлях”.

Партыя “Зялёныя” не прайшла перарэгістрацыю і летась 27 ліпеня была ліквідаваная Вярхоўным судом на падставе іску Міністэрства юстыцыі. Партыя страціла статус асацыяванага члена Еўрапейскай партыі зялёных (ЕПЗ).

Паводле даных швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыі Libereco, да яе кампаніі на леташні жнівень далучылася 428 палітыкаў, якія сталі сімвалічнымі хроснымі беларускіх палітвязняў.

Падзяліцца: