Мінск 17:53

Беларусь здольная сама зладзіць са знешнімі і ўнутранымі пагрозамі, лічыць МЗС РФ

Вайскоўцы 6-й мехбрыгады
Архіўнае фота: "Гродзенская праўда"

4 лютага, Позірк. Узброеныя сілы Беларусі і органы бяспекі “здольныя самастойна зладзіць са знешнімі і ўнутранымі пагрозамі”, упэўненасць у гэтым выказаў кіраўнік другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў Расіі Аляксей Палішчук у апублікаваным 4 лютага інтэрв’ю ТАСС.

Разам з тым РФ, паводле слоў дыпламата, “у адпаведнасці з саюзніцкімі абавязацельствамі, што ў 2024 годзе былі замацаваныя ў Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы і двухбаковым міждзяржаўным Дагаворы аб гарантыях бяспекі, гатовая надаць Мінску неабходную дапамогу і зрабіць захады для абароны агульнай абароннай прасторы”.

На тэрыторыі Беларусі, нагадаў Палішчук, “разгорнутая сумесная Рэгіянальная групоўка войскаў (сіл), размешчаныя сучасныя расійскія абаронныя комплексы і нестратэгічная ядзерная зброя”.

“У адпаведнасці з дамоўленасцю лідараў нашых краін, агучанай на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў Мінску ў снежні 2024 года, у Беларусі таксама будуць размешчаныя расійскія БРСД (балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці. — “Позірк”.) “Арэшнік”, — сказаў ён.

Пры гэтым прадстаўнік МЗС РФ лічыць “цалкам апраўданымі” заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі “можа паспрабаваць уцягнуць” Беларусь у ваенныя дзеянні.

На прэс-канферэнцыі 26 студзеня, у асноўны дзень беларускага электаральнага мерапрыемства, якое ўлады завуць “прэзідэнцкімі выбарамі”, Лукашэнка заявіў, што расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” будзе дастаўлены ў Беларусь “з дня на дзень”. “Мы не адмаўляемся ад ядзернай зброі, але гэтая страшная зброя. Але “Арэшнік”… Няхай будзе ў нас”, — сказаў ён.

На пытанне пра месца размяшчэння гэтай зброі спікер адказаў: “Бліжэй да Смаленска — я так мару. А там паглядзім. Трэба пэўная адлегласць. Гэта дрэнна, калі твае аб’екты паражэння вельмі блізка, але і калі вельмі далёка, яны могуць несці меншую нагрузку. Я не кажу, што пад Смаленскам, я проста зараз так думаю”.

Пазней, адказваючы на іншае пытанне, Лукашэнка сказаў, што “няважна, будуць яны ў Смаленску ці ў Оршы”: “Для нас усё адно. А нам важна, каб ракеты сярэдняй далёкасці амерыканскія не трапілі на тэрыторыю Еўропы, таму што яны могуць быць абсталяваныя ядзерным кампанентам”.

Пры гэтым, кажучы пра тэрмінах пастаўкі “Арэшніка”, ён паведаміў, што “гэта не гарыць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён “пажартаваў”, калі раней заяўляў пра неабходнасць размясціць у Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін зрабіў яму на гэты конт “заўвагу”, бо Расія не абяцала такую колькасць гэтага ўзбраення, дадаў спікер.

“Вядома, я разумею, 10 комплексаў, вы што. Гэта шалёныя грошы. Прамысловасць у Расіі не толькі ж “Арэшнікі” вырабляе, яна не зможа, — сказаў Лукашэнка. — Гэта, напэўна, нават за тры гады не зробіць, я гэта разумею. Дастаткова аднаго комплексу “Арэшніка” для таго, каб засцерагчы Беларусь. <…> [Будзе] трэба, мы яшчэ ў Расіі сёе-тое возьмем і папросім. Ну а калі ўжо вельмі нешта надзвычайнае і патрэбен будзе “Арэшнік”, ну дык мы адвядзем яго з Расіі. У нас гэта па бяспецы тэрыторыя, якая падлягае абароне агульнымі намаганнямі, і сумесная групоўка Беларусі і Расіі створана. Якая вайна ва Украіне б ні ішла, а гэтая групоўка ў нас існуе”.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі палітык заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня 2024 года ў Мінску Лукашэнка і Пуцін падпісалі дамову аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі. Расійскі прэзідэнт у той жа дзень заявіў, што гэты дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што “размова ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, як ён сцвярджае, размешчаную “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

На тым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі комплекс “Арэшнік”. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт Расіі.

На палях саміту Еўразійскага эканамічнага саюза 26 снежня ў Ленінградскай вобласці РФ Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа размясціць на сваёй тэрыторыі “пакуль дзясятак” комплексаў “Арэшнік”, а “далей паглядзім”.

Падзяліцца: