Мінск 00:06

Лукашэнка прыгразіў ураду, які дапусціў вывад валюты за мяжу

Ілюстрацыйнае фота: Natasha Hall / unsplash.com

4 лютага, Позірк. “Разабрацца з урадам”, які дапусціў масавы вывад валюты за мяжу, паабяцаў Аляксандр Лукашэнка 4 лютага на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі на мінулай электаральнай кампаніі.

Спікер, якога цытуюць дзяржаўныя медыя, спаслаўся на інфармацыю генпракурора Андрэя Шведа пра тое, што за год з Беларусі за мяжу, насуперак заявам урада, выведзеныя “сотні мільёнаў” (відаць, долараў).

“Дакладалі [раней з ураду], што няма праблем: калі і вывелі за год, 15 мільёнаў ці колькі. Аказваецца, не мільёны, а сотні мільёнаў”, — заявіў Лукашэнка.

“Дывідэнды выводзяць. Яны што, асабіста самі зарабілі гэтыя грошы? Бедны заробак нашым людзям заплацілі, самі зматаліся за мяжу і вывелі яшчэ грошы. Гэта што, нармальна? У бліжэйшы час мы разбяромся з урадам, як яны рэалізоўвалі тыя рашэнні, якія мною былі прынятыя”, — дадаў ён.

Варта адзначыць, што напярэдадні Лукашэнка прыняў адстаўку ўрада, але даручыў кабінету на чале з Раманам Галоўчанкам працягнуць выкананне абавязкаў да фармавання новага складу.

Палітык прапанаваў сваім давераным асобам уносіць прапановы па членах урада. Ён заявіў пра намер стварыць “камісію з вышэйшых службовых” асоб, якая, відаць, і будзе вырашаць пытанне пра новы склад Савета міністраў. У склад камісіі, на думку спікера, мусяць увайсці кіраўнікі палат парламента, “генеральны пракурор і гэтак далей — вось гэтая вярхушка”.

У красавіку 2022 года ўрад пастановай № 209 зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”. Да іх прылічаныя ўсе краіны Еўрасаюза, а таксама Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя, Швейцарыя.

Праз некалькі месяцаў, у ліпені, Савет міністраў вызначыў пералік са 190 беларускіх юрыдычных асоб з уласнікамі з дзяржаў, “што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні”, якім забаронена адчужаць свае долі (акцыі) у статутных фондах. Пасля спіс некалькі разоў пераглядалі, у кастрычніку 2023 года ў ім фігуравала 1.796 арганізацый.

У верасні 2023-га Лукашэнка падпісаў указ № 285, якім вызначаны асаблівы парадак атрымання прыбытку і дывідэндаў асобамі з замежных дзяржаў, што “здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні” ў дачыненні да Беларусі. Зарэгістраваныя ў краіне юрыдычныя асобы для выплаты прыбытку і (або) дывідэндаў такім удзельнікам павінны адкрыць у айчынных банках адмысловыя рахункі (рахункі рэзідэнтаў). Сродкі пералічваюцца з аднаго рахунку на іншы ў дзесяцідзённы тэрмін з дня звароту за іх выплатай.

Гэтыя сродкі могуць выкарыстоўвацца толькі на фінансаванне інвестпраектаў у Беларусі; пагашэнне запазычанасці па асобных крэдытах банкаў; размяшчэнне ў безадзыўныя банкаўскія ўклады на тэрмін не менш за год у банку, у якім адкрыты адмысловы рахунак; іншыя мэты, “ўзгодненыя ўрадам з кіраўніком дзяржавы”.

У сярэдзіне студзеня 2024 года ўрад пастановай № 27 вызначыў парадак і ўмовы выдачы дазволаў асобам з “недружалюбных краін” на адчужэнне належнай ім маёмасці і доляй у статутных фондах (акцый). Дакументам сярод іншага было адрэгулявана адчужэнне нерухомасці юрыдычнымі асобамі, у якіх грамадзянам гэтых дзяржаў належыць 25% статутнага фонду; выхад з юрыдычных асоб удзельніка-замежніка.

18 студзеня таго ж года на нарадзе з Саветам міністраў Лукашэнка заявіў, што “ўрад прапануе праяўляць больш гнуткасці <…> у пытаннях продажу маёмасці замежнікамі з “недружалюбных дзяржаў” і прадугледзець выпадкі, калі такое магчыма”.

“Немагчыма ніколі. Але ўрад знаходзіць, што немагчыма, але некалі, у нейкіх момантах магчыма. Паслухаем, у якіх”, — сказаў ён, дадаўшы, што меры супрацьдзеяння вываду капіталу з Беларусі павінны ўключацца “вокамгненна”.

Разам з тым у сярэдзіне сакавіка быў прыняты ўказ, у якім “вызначаныя выпадкі, калі не патрабуюцца атрыманне дазволу і выплата ўнёску пры адчужэнні маёмасці асоб з недружалюбных замежных дзяржаў”.

У красавіку 2024 года для асоб з “недружалюбных дзяржаў”, якія ў той ці іншай меры валодаюць беларускімі кампаніямі, урад увёў да канца 2025-га абмежаванне на выплату прыбытку і дывідэндаў.

Падзяліцца: