Мінск 19:33

КР плануе ўдзельнічаць у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы

Крыніца: сацсеткі КР

4  лютага, Позірк. У найбліжэйшы час на адрас дэлегацыі Каардынацыйнай рады (КР) у складзе шасці чалавек плануецца накіраваць запрашэнне да ўдзелу ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў (асамблея ў складзе Савета Еўропы), паведамляе найбольш шматлікая фракцыя КР — “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”.

Адзначаецца, што падчас зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) 27–31 студзеня з генеральным сакратаром згаданага кангрэса Мэцью Моры сустрэліся члены дэлегацыі КР, якія бралі ўдзел у пасяджэннях ПАСЕ, — спікер Анжаліка Мельнікава і Павел Латушка (прадстаўнікі фракцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”), Аляксандра Мамаева і Валер Мацкевіч (“Еўрапейскі выбар”), Маргарыта Ворыхава (“Моладзевы наступ”), Павел Церашковіч (“Наша Справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты”).

Удзел у дзейнасці Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў, як паведамляецца, забяспечыць “далейшае прызнанне” КР як “прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл Беларусі і беларускай грамадзянскай супольнасці”; узмоцніць супрацу з органамі мясцовага самакіравання; дасць магчымасць супрацоўнічаць з Саветам Еўропы ў рамках сумесных ініцыятыў і праектаў; дазволіць атрымаць досвед “у пытаннях падвышэння ўзроўню аўтаноміі мясцовых уладаў і паляпшэння ўзаемадзеяння паміж цэнтрам і рэгіёнамі”.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў, як адзначана, адказвае за “ўмацаванне мясцовай і рэгіянальнай дэмакратыі ў 46 краінах-удзельніцах”, а таксама за “ацэнку выканання Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання”.

Падзяліцца: