Мінск 23:40

Польшча будзе далей падтрымліваць беларускія незалежныя ініцыятывы — кіраўнік МЗС

Святлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі
Фота: Kuba Kaługa, Radio Gdańsk

4 лютага, Позірк. Польшча будзе далей падтрымліваць беларускія незалежныя ініцыятывы, заявіў міністр замежных спраў краіны Радаслаў Сікорскі на “Форуме Касцюшкі” 4 лютага ў Гданьску.

Прысвечанае Беларусі мерапрыемства арганізавана ў рамках старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе.

Адным з найважнейшых кірункаў дапамогі ён назваў падтрымку дзейнасці тэлеканалу “Белсат”: “Апярэджваючы пытанні, падкрэслю: няма гаворкі ні пра пазбаўленне каналу сродкаў для жыцця, ані тым болей пра закрыццё”.

Варшава таксама будзе падтрымліваць “высілкі міжнароднай супольнасці ў справе вызвалення палітычных вязняў, лік якіх зараз перавышае 1,2 тыс. асобаў”.

“Цягам апошніх гадоў беларусы даказалі, што гатовыя жыць ў вольнай і роднай краіне, заплаціўшы за гэта высокую, часам, найвышэйшую цану”, — сказаў Сікорскі.

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс на форуме заявіў, што для вяртання на “еўрапейскі шлях” Беларусь павінна “вызваліцца як ад абдымкаў дыктатара Лукашэнкі, так і ад расійскага ўплыву”.

“Мы павінны дапамагчы дэмакратычным сілам Беларусі на гэтым шляху, таму што дэмакратычная Беларусь важная для бяспекі як Літвы, так і ўсяго рэгіёна”, — сказаў ён.

Кіраўнік ведамства адзначыў важеасць працягу падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў, садзейнічання захаванню беларускай мовы і культуры, узмацненню ціску на афіцыйны Мінск.

Ён таксама выказаўся за “больш цесныя сувязі дэмакратычнай Беларусі з Еўропай”.

“Як Польшча некалі прайшла свой шлях да волі, гэтак і беларусы зробяць тое ж самае. Гэты шлях можа быць доўгім, але гэта адзіны шлях, які трэба прайсці. Гэта адзіны спосаб забяспечыць нашае выжыванне і росквіт”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітык заклікала міжнародную супольнасць “падтрымаць беларускіх палітвязняў і журналістаў, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на рэпрэсіі”.

Акрамя таго, дэмлідар “асобна адзначыла ролю Літвы ў ініцыятыве супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе”.

Аб беспрэцэдэнтным узроўні рэпрэсій у Беларусі заявіў на мерапрыемстве намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

“Для гістарычнага разумення лукашызм — гэта нават не камуністычны рэжым у Польшчы ў мінулым стагоддзі, таму што Лукашэнка дзеля захавання сваёй улады гатовы не толькі парушаць правы чалавека і прынцыпы дэмакратыі, але нават знішчаць беларускі народ і незалежнасць Беларусі”, — сказаў палітык.

Латушка правёў асобную сустрэчу з кіраўніком МЗС Літвы. Яе тэмай стала “адвакатаванне падтрымкі звароту ў Міжнародны крымінальны суд”.

(Выкарыстаны матэрыялы тэлеканала “Белсат”, партала Delfi, прэс-служб АПК і Святланы Ціханоўскай).

Падзяліцца: