Мінск 12:47

Беларусь добраахвотна паведаміла ўдзельнікам Венскага дакумента пра раптоўную праверку баявой гатоўнасці сваёй арміі — Мінабароны

4 лютага, Позірк. Беларусь у добраахвотным парадку апавясціла пра раптоўную праверку баявой гатоўнасці ва Узброеных сілах удзельнікаў Венскага дакумента 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі, заявіла Міністэрства абароны.

“Паведамлены мэты, тэрміны, колькасць удзельнікаў праверкі, а таксама іншая інфармацыя, скіраваная на забеспячэнне адкрытасці ваеннай дзейнасці ў прасторы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе”, — адзначыла ведамства.

3 лютага прэс-служба Мінабароны паведаміла пра пачатак праверкі баявой гатоўнасці ва Узброеных сілах.

Ведамства папярэдзіла, што падчас праверкі “запланаваны рух ваеннай тэхнікі”, таму “магчыма часовае абмежаванне руху грамадзянскага транспарту па дарогах агульнага карыстання і асобных участках мясцовасці”.

Міністр абароны Віктар Хрэнін у сувязі з пачаткам праверкі баявой гатоўнасці заявіў, што “цяперашняя абстаноўка” абавязвае вайскоўцаў “трымаць руку на пульсе і трымаць порах сухім, быць гатовымі да таго, для чаго прызначаныя Узброеныя сілы, і пры неабходнасці — забяспечыць абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь”.

18 верасня 2024 года начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка заявіў, што вясной таго ж года ў Еўропе прайшла серыя шматнацыянальных вучэнняў “Абаронца”, падчас якіх былі арганізаваныя назіранні за найбуйнейшымі з іх: “Драгун” на тэрыторыі Польшчы, “Вясновы шторм” у Эстоніі і “Паўночны адказ” у Нарвегіі. Аднак, паводле яго, беларускіх прадстаўнікоў на гэтыя вучэнні не запрасілі.

Равенка тады сцвярджаў, што ў выпадку Польшчы і Эстоніі колькасць удзельнікаў вучэнняў перавышала 13 тыс., што стала “грубым парушэннем палажэнняў Венскага дакумента”.

Паводле прадстаўніка Мінабароны, Венскі дакумент 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі, а таксама рэгіянальныя дамоўленасці Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай “утрымліваюць неабходныя інструменты, якія пры жаданні <…> заходніх калег маглі б ужо сёння быць выкарыстаныя для паступовага вяртання да прадметнага дыялогу аб праблемах бяспекі ў рэгіёне”.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Венскага дакумента 2011 года, які абавязвае дзяржавы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) “абменьвацца інфармацыяй аб узброеных сілах, сістэмах узбраення і тэхнікі, планаванні ў сферы абароны і ваенных выдаткаў”, а таксама дазваляе інспектаваць вайсковыя фарміраванні “для ацэнкі дакладнасці прадстаўленай пра іх інфармацыі”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года кантакты Беларусі з краінамі Захаду па лініі Венскага дакумента звяліся да мінімуму, а ў 2022-м фактычна спыніліся пасля падтрыманага Мінскам уварвання Расіі ва Украіну. З 10 па 20 лютага 2022 года Масква і Мінск праводзілі на беларускай тэрыторыі вучэнні “Саюзная рашучасць”. Затым было абвешчана пра іх падаўжэнне. Ініцыятары адмовіліся выканаць патрабаванне краін Балтыі надаць інфармацыю пра вучэнні, спаслаўшыся на тое, што іх колькасць не перавышае 13 тыс. 24 лютага расійская армія ўварвалася ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. Пазней Аляксандр Лукашэнка прызнаў прысутнасць 20-тысячнай групоўкі РФ. Украінскі бок называў лічбу 70 тыс.

У чэрвені 2024 года адбылося першае для Беларусі за апошнія гады праверачнае мерапрыемства па лініі Венскага дакумента: сербскія вайскоўцы праінспектавалі 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду ў Брэсце.

Падзяліцца: