Мінск 16:38

700 дзён няма вестак ад Сяргея Ціханоўскага

Фота: "Радыё Свабода"

6 лютага, Позірк. Пра адсутнасць на працягу 700 дзён вестак ад мужа, палітвязня Сяргея Ціханоўскага, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Апошні раз я чула голас мужа больш за чатыры гады таму. У мяне было ўсяго пяць хвілін, каб падтрымаць яго, расказаць пра дзяцей, спытаць пра здароўе. Тады я яшчэ не ведала, што нам больш не дазволяць пагаварыць. Часта ўспамінаю тую размову і думаю, што яшчэ магла б сказаць”, — адзначыла палітык.

Паводле яе слоў, “нават адзін дзень без вестак ад блізкага чалавека — гэта ўжо падстава для трывогі”.

“Я не ведаю, ці атрымлівае ён віншаванні з днём нараджэння, ці бачыў паштоўкі, намаляваныя дачкой. Не ведаю, калі зноў змагу пачуць яго голас. <…> Разам з Карнеем і Агніяй мы жывем у гэтай трывозе ўжо некалькі гадоў”, — напісала Ціханоўская.

“Але я ўпэўненая, што ён адчувае нашу падтрымку, — дадала яна. — Што яго ўнутраная сіла з ім. І нават за гэты час без сувязі ён надае гэтую сілу і мне. Мы не спынімся, пакуль Сяргей і ўсе палітвязні не будуць на волі”.

У 2019 годзе Ціханоўскі стварыў ютуб-канал “Краіна для жыцця”, які хутка стаў папулярным сярод беларусаў. Блогер наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з падпісантамі, браў у іх інтэрв’ю, падчас якіх мясцовыя жыхары распавядалі пра свае праблемы, крытыкавалі ўлады.

Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, аднак перад пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны па адміністрацыйным абвінавачванні за “арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства” і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Па даверанасці гэта зрабіла Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістраваў блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, паколькі даверанасць, як сцвярджалася, не была ім падпісаная.

Пасля гэтага дакументы падала Ціханоўская, і Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яе ў якасці прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.

Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Ціханоўскі стаў даверанай асобай жонкі і далучыўся да кампаніі па зборы подпісаў за яе вылучэнне. 29 траўня 2020 года ён быў затрыманы ў Гродне пасля правакацыі падчас чарговага пікету па зборы подпісаў.

У сакавіку 2021 года Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскага. 14 снежня 2021-га ён быў прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

27 лютага 2023 года яму дадалі яшчэ 1,5 года зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.

З 9 сакавіка 2023 года Ціханоўскі знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).

Таксама, паводле звестак праваабаронцаў, у рэжыме інкамунікада знаходзяцца палітвязні Максім Знак (з 8 лютага 2023 года), Мікалай Статкевіч (з 10 лютага 2023 года), Уладзімір Кніга (з 5 верасня 2023 года), Мікалай Банькоў (са снежня 2023 года), Андрэй Навіцкі (з красавіка 2024 года), Аляксандр Арановіч (з 6 чэрвеня 2024 года), Аляксандр Францкевіч (з кастрычніка 2024 года).

Падзяліцца: