Мінск 15:13

У Асіповіцкім раёне на пажары загінулі два чалавекі

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com

6 лютага, Позірк. Раніцай 6 лютага ў вёсцы Дзераўцы Асіповіцкага раёна (Магілёўская вобласць) пры ліквідацыі пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі целы двух чалавек, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Загінулі 53-гадовы мужчына і 66-гадовая жанчына, яны з’яўляліся сужыцелямі, адзначае СК.

Сцвярджаецца, што пара злоўжывала алкаголем, неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі.

Папярэдняя версія ўзнікнення пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Гібель сужыцеляў у Асіповіцкім раёне не ўключана ў аператыўную зводку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Згодна з ёй, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6.00 5 лютага да 6.00 6 лютага) ад агню ў Беларусі загінулі два чалавекі.

У пасёлку Арэхаўка Капыльскага раёна (Мінская вобласць) загінуў мужчына 1971 года нараджэння, у аграгарадку Гуды Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) — мужчына 1983 г.н.

Паводле звестак МНС, з пачатку года ў Беларусі адбылося 626 пажараў — на 2,03% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (639). Загінула 86 чалавек (-2,27%; 88), у тым ліку адно дзіця (аналагічна); траўмавана — 54 (-1,82%; 55), выратавана — 72 (-20,88%; 91).

Падзяліцца: