Мінск 16:49

За суткі ў службу эвакуацыі BySol паступіла 50 зваротаў пасля ўцечкі даных з чат-бота тэлеграм-канала “Беларускі Гаюн”

Крыніца: тэлеграм-канал Андрэя Стрыжака

6 лютага, Позірк. За мінулыя суткі ў службу эвакуацыі фонду салідарнасці BySol паступіла 50 зваротаў пасля ўцечкі даных з чат-бота маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн” у “Телеграме“.

Пра гэта паведаміў заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

5 лютага паведамлялася, што ў выніку “несанкцыянаванага ўваходу” невядомыя атрымалі доступ да чату-боту тэлеграм-канала “Беларускі Гаюн”, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей“.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — паведаміў стваральнік маніторынгавай групы блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю.

Матолька “настойліва рэкамендаваў” усім, хто карыстаецца акаўнтам у “Тэлеграме” працяглы перыяд, “выдаліць яго і стварыць новы, і рэкамендуецца так рабіць хаця б раз на год”.

“У гэты момант крытычныя ўразлівасці выпраўленыя, але я разумею, што, на жаль, мы не змаглі цалкам абараніць людзей”, — прызнаў стваральнік маніторынгавай групы. Ён дадаў, што “пасля ўваходу ў чат сёння ўначы была зробленая выгрузка гісторыі чата”.

“Мы не ведаем, ці паспелі яны выгрузіць фота і відэа, але лепш прытрымлівацца горшага сцэнарыю”, — папярэдзіў блогер.

Матолька таксама паведаміў, што ўваход у чат з ботам “адбыўся па старой спасылцы, створанай 2 сакавіка 2022 года”, у той момант у наладках чата не была ўключаная функцыя “Схаваць паведамленні для новых карыстальнікаў”.

“Калі б яна была ўключана, ніякага доступу ў губазіка не было б”, — канстатаваў ён.

Праект “Беларускі Гаюн” займаецца маніторынгам вайсковай актыўнасці ў Беларусі. Набліжаныя да сілавікоў тэлеграм-каналы ўжо распаўсюдзілі інфармацыю пра ўзлом, выставіўшы скрыншоты перапіскі Матолькі з нейкім чалавекам, які, верагодна, меў доступ да бота, і пагражаюць тым, хто дасылаў паведамленні. Блогер сцвярджае, што гэты чалавек “не меў ніякіх доступаў са студзеня 2023 года”.

Фонд By Sol дзейнічае з 2020 года. Акрамя збору ахвяраванняў для пацярпелых ад рэпрэсій і добраахвотнікаў ва Украіне, займаецца эвакуацыяй беларусаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, дапамагае палітвязням і іх сем’ям, а таксама вызваленым у адаптацыі ў новай краіне. Прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”. У дачыненні да сузаснавальніка фонду Андрэя Стрыжака і ягопаплечніка, кіраўніка фонду By_Help Аляксея Лявончыка ў Беларусі распачатыя некалькі крымінальных спраў, вядзецца спецвытворчасць.

Падзяліцца: