Мінск 18:43

Старшыні райвыканкамаў будуць адказваць за кіраванне прыватным бізнесам — Лукашэнка

6 лютага, Позірк. Старшыні райвыканкамаў будуць адказныя “за кіраванне па ўсіх напрамках, у тым ліку і прыватным сектарам”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

“А то ў нас атрымліваецца, што прыватнік — гэта наогул не дзяржава, гэта дзяржава ў дзяржаве, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — А ў той жа час мы на прыватніка вельмі разлічваем, і іх роля, асабліва ў вытворчасці, таксама будзе павышаная. Ну дык старшыня райвыканкама павінен па асноўным сваім функцыянале кіраваць, патрабаваць і несці адказнасць аднолькава як за прыватны, так і за дзяржаўны сектар”.

“І гэта тычыцца перш за ўсё кадраў. Гэта жорсткае маё патрабаванне. Ад гэтага ніхто не павінен сыходзіць, разважаючы і боўтаючы языком пра нейкі лібералізм. У нас сёй-той яшчэ не наеўся гэтага лібералізму”, — дадаў прамоўца.

З яго слоў вынікае, што пашырэнне паўнамоцтваў старшыняў райвыканкамаў прадугледжвае законапраект “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”. Дакумент прадстаўлены Лукашэнку для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Пра неабходнасць нарматыўнага акту Лукашэнка казаў на пасяджэнні прэзідыума Усебеларускага народнага сходу 19 лістапада 2024 года. Старшыні райвыканкамаў “задзейнічаныя не так, як павінна быць”, і “не нясуць той нагрузкі, якую павінны несці”, заявіў ён.

Паводле яго слоў, “нічога страшнага”, калі старшыня райвыканкама “ў нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур”, “тады і ўплыў будзе ў іх на гэта”.

Падзяліцца: