Мінск 21:15

Больш за 4 тыс. рублёў будуць плаціць былым беспрацоўным пры пераездзе і працаўладкаванні ў вёсцы

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

6 лютага, Позірк. У выпадку пераезду з горада на працу ў сельскую мясцовасць былым беспрацоўным будзе аказана фінансавая падтрымка ў памеры 9 велічынь бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату працаўладкавання, вынікае з апублікаванай на Нацыянальным інтэрнэт-партале пастановы № 101 Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусь ад 12 снежня 2024 года.

З 1 лютага 2025 года бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складае 447,64 рубля, гэта значыць, што памер выплат пераехаўшым у сельскую мясцовасць на сёння роўны 4.028,76 рубля.

Пастанова Мінпрацы ўстанаўлівае новую рэдакцыю інструкцыі аб “парадку і ўмовах аказання садзейнічання ў перасяленні беспрацоўных і членаў іх сем’яў у сувязі з пераездам у іншую мясцовасць”.

У тлумачэнні да дакумента ведамства адзначае, што рэалізацыя названай меры прадугледжвае заключэнне трохбаковага дагавора паміж органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, наймальнікам і беспрацоўным пры яго перасяленні, “выплату грашовых сродкаў і ажыццяўленне кантролю за выкананнем дагаворных абавязацельстваў”.

“Пастанова прынятая ў мэтах прыцягнення і замацавання кадраў на сяле, аказання дадатковай падтрымкі асобам, якія прыцягваюцца на працу ў сельскую мясцовасць”, — падкрэслівае ведамства.

Дакумент набывае моц 7 лютага 2025 года.

Не дапускаць адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў цяпер з’яўляецца “задачай нумар адзін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада ў Клімавічах (Магілёўская вобласць) на абласным свяце “Дажынкі”.

Пры гэтым ён адзначыў, што “працаваць жадаюць далёка не ўсе”, і папярэдзіў: “Рыхтуйцеся, бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе, усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю”. “Мы дапаможам, дамо працоўнае месца, толькі ідзіце працаваць. Тыя, хто перашкаджаюць людзям жыць… хлопцы, мы з вамі будзем сур’ёзна разбірацца, не крыўдуйце”, — заявіў спікер.

Падзяліцца: