Мінск 17:56

У Генпракуратуры заявілі аб недастатковым ідэалагічным і ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі

6 лютага, Позірк. У некаторых установах адукацыі ў 2024 годзе “відавочна недастатковая ўвага” надавалася “пытанням ідэалагічнага і ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі”. Пра гэта гаворыцца ў заключэнні Генеральнай пракуратуры па выніках маніторынгу працы дзяржарганізацый, накіраванай на папярэджанне супрацьпраўных паводзін дзяцей і падлеткаў.

Адзначаецца, што ў іншых установах “такая праца была выбудаваная без належнага ўзаемадзеяння з інспекцыямі па справах непаўналетніх (ІСН), уліку асобы дзіцяці, яго сяброўскага асяроддзя і ўмоў сямейнага выхавання”.

Нагляднае ведамства сцвярджае, што “не заўсёды праводзіўся належны комплексны аналіз прычын і ўмоў, якія спрыялі ўчыненню правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі”. Нярэдка не забяспечваўся неабходны кантроль за выкананнем раней прынятых ІСН рашэнняў, а таксама за “ўмовамі навучання і выхавання непаўналетніх ва ўстановах адукацыі”.

“Меры па звароце ў суд з мэтай змяшчэння “цяжкіх” падлеткаў у спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы часам прымаліся несвоечасова. Такі падыход прыводзіў да зніжэння эфектыўнасці прафілактычных мерапрыемстваў, а ў асобных выпадках абумовіў здзяйсненне дзецьмі супрацьпраўных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Больш за 1,4 тыс. “ліхадзействаў з удзелам непаўналетніх” зафіксавана ў 2024 годзе, паведамляла раней Міністэрства ўнутраных спраў.

“Пераважаюць крадзяжы, незаконны абарот сродкаў плацяжу, махлярства, а таксама нарказлачынствы, — заяўляла ведамства. — Акрамя таго, супрацоўнікамі выяўлена і спынена 268 “п’яных вечарынак”, на якіх прысутнічалі звыш 800 дзяцей. Ужыванне алкаголю, цыгарэт, вейпаў, наркотыкаў часцяком прыводзіць да непрыемных, а часам і трагічных наступстваў”.

Адзначаліся таксама “небяспекі” ў інтэрнэце: “Выкарыстоўваючы магчымасці сеткі і адпрацаваныя схемы падману, зламыснікі ўцягваюць падлеткаў у злачынствы. У сувязі з гэтым асаблівая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце, накіраванай на недапушчэнне ўключэння дзяцей у распаўсюджванне наркотыкаў, выраб парнаграфіі, перасылку інтымных малюнкаў і многае іншае”.

Часцей за ўсё, сцвярджае МУС, “прычынамі здарэнняў з удзелам непаўналетніх з’яўляецца іх неасцярожныя паводзіны, недастатковы кантроль з боку дарослых і незанятасць падлеткаў у вольны ад вучобы час”.

Рост падлеткавай злачыннасці канстатаваў генеральны пракурор Андрэй Швед 9 студзеня на пасяджэнні рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Пры гэтым, паводле даных нагляднага ведамства, за апошнія 10 гадоў узровень злачыннасці сярод непаўналетніх паменшыўся ў два разы. За апошнія пяць гадоў колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, зменшылася на 25%.

На думку Генпракуратуры, гэта адбылося “з прычыны належнай каардынацыі пракурорамі дзейнасці дзяржаўных органаў”.

Падзяліцца: