Мінск 13:01

Дэмсілы Беларусі падпісалі з сеткай Пакта свабодных гарадоў мемарандум для падрыхтоўкі спецыялістаў мясцовага самакіравання

7 лютага, Позірк. Мемарандум аб партнёрстве для падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы мясцовага самакіравання падпісаны паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і сеткай Пакта свабодных гарадоў падчас візіту кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланы Ціханоўскай 5–6 лютага ў Албанію, паведамляе тэлеграм-канал палітыка.

Пакт свабодных гарадоў — глабальная сетка, створаная ў 2019 годзе мэрамі сталіц, якая імкнецца абараняць і прасоўваць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і роўнасці.

Акрамя таго, як раней паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка, Ціханоўская і мэр албанскай сталіцы Эрыён Веліяй дамовіліся, што “10–20 беларусаў атрымаюць магчымасць прайсці стажыроўкі ў інстытуцыях мясцовага самакіравання і мэрыі Тыраны”.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала кіраўніцы АПК, 25 сакавіка ў Тыране пройдуць “адмысловыя мерапрыемствы на знак падтрымкі” беларусаў. Сёлета ўвосень беларускіх дакументалістаў запросяць да ўдзелу ў фестывалі правоў чалавека ў Албаніі.

“Вельмі ўдзячная Тыране за гасціннасць і салідарнасць. Дзеці палітвязняў атрымаюць магчымасць аздараўлення, маладыя спецыялісты — стажыровак, а студэнты — адукацыі. Албанія як краіна, якая пераадолела дыктатуру, разумее, наколькі важна мець шматбаковую падтрымку на шляху да свабоды і дэмакратыі”, — адзначыла па выніках візіту Ціханоўская.

Падзяліцца: