Мінск 23:57

Галоўчанка прапанаваў Башкартастану купляць беларускія тавары ў растэрміноўку “з мінімальнай маржой”

7 лютага, Позірк. Улады “сур’ёзна пашырылі фінансавыя інструменты падтрымкі для расійскіх пакупнікоў”, дзякуючы чаму цікавасць да беларускай прадукцыі з іх боку вырасла, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы з кіраўніком Башкартастана (РФ) Радзіем Хабіравым.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Галоўчанка нагадаў пра прынятае ў Расіі рашэнне забяспечыць “нацыянальны рэжым закупак для беларускіх тавараў”. “Адпаведна, у нас няма ніякіх заканадаўчых праблем цяпер, якія б абмяжоўвалі магчымасці закупкі беларускіх тавараў, у тым ліку за кошт бюджэтных сродкаў або ў межах праграм з дзяржаўнай падтрымкай”, — дадаў прэм’ер.

Паводле яго слоў, “уся лінейка беларускага абсталявання — ад дарожна-будаўнічай тэхнікі да ліфтаў, мікраэлектронікі, вагонаў і гэтак далей — можа закупляцца ў межах такіх праграм”.

“Мадэлі фінансавання могуць быць структураваныя індывідуальна пад любую здзелку, — падкрэсліў Галоўчанка. — Гэта і крэдытаванне спецыялізаваных прадпрыемстваў <…>, і фандзіраванне рэгіянальных банкаў і лізінгавых кампаній <…>, і пастаўкі беларускіх тавараў у растэрміноўку праз беларускую спецыялізаваную лізінгавую арганізацыю “Промагралізінг” з прадастаўленнем канечнаму пакупніку растэрміноўкі пад мінімальную маржу”.

Кіраўнік урада выказаў упэўненасць, што дэлегацыя з Расіі ўважліва вывучыць прапановы і абярэ “той варыянт, які найбольш пасуе Башкартастану”. Ён таксама адзначыў, што адносіны паміж Беларуссю і гэтым расійскім рэгіёнам развіваюцца “дастаткова дынамічна, з’яўляюцца новыя праекты”.

Паводле слоў Галоўчанкі, як у Башкартастане, так і ў Беларусі “вельмі развіты прамысловы сектар”.

“Радуе, што праект МАЗа з Уфімскім трамвайна-тралейбусным заводам па вытворчасці тралейбусаў “Гараджанін” набірае абароты. Калі раней гэта былі дзясяткі адзінак выпушчанай прадукцыі, да 60 максімальна, то ўжо ў 2023 і 2024 гадах колькасць склала 238 і 307 тралейбусаў адпаведна”, — заявіў чыноўнік.

Асобна Галоўчанка закрануў тэму ўзаемнага павелічэння экспартных паставак прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны. Паводле яго сцвярджэння, “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя летась істотна павялічыла пастаўкі ў Башкартастан амінакіслот — рост у параўнанні з 2023 годам у 10 разоў “.

Ён падкрэсліў, што “ва ўмовах санкцыйнага ціску вельмі важна своечасова замяніць вытворцаў з недружалюбных краін, якія пакінулі рынак”.

“Асабліва гэта актуальна ў сферы сельскай гаспадаркі, таму што гэта пытанне харчовай бяспекі”, — адзначыў прэм’ер.

Беларусь і Башкартастан “проста абавязаныя” ў 2025 годзе павялічыць тавараабарот і “пераўзысці 315–320 мільёнаў долараў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 лютага ў Мінску на сустрэчы з Хабіравым.

Паводле слоў Лукашэнкі, Мінск і Уфа “крыху збавілі абароты ў мінулым годзе”, “недзе на 5–6% у тавараабароце знізілі”.

Галоўчанка наведваў Башкартастан у жніўні мінулага года. Гэта быў яго другі ў 2024 годзе візіт у Уфу, папярэдні быў ў лютым.

Беларускі прэм’ер таксама наведваў Башкартастан у кастрычніку 2023 года.

Паводле папярэдніх звестак, у 2024 годзе расійска-беларускі тавараабарот прадукцыі аграпрамысловага комплексу павялічыўся на 15%, перавысіўшы 8 млрд долараў, заявіў віцэ-прэм’ер урада РФ Дзмітрый Патрушаў 5 лютага на сустрэчы ў Маскве з калегам з Беларусі Юрыем Шулейкам.

Падзяліцца: