Мінск 01:15

З падаўжэннем паўнамоцтваў Лукашэнку павіншавалі ўлады Саудаўскай Аравіі

Фота: mlyn.by

7 лютага, Позірк. З падаўжэннем паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнку павіншавалі 7 лютага кароль Саудаўскай Аравіі Салман ібн Абдул-Азіз аль-Сауд і спадчынны прынц, прэм’ер-міністр гэтай дзяржавы Махамед бен Салман бен Абдэль-Азіз аль-Сауд.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Адзначаецца, што віншавальнікі падкрэслілі “асаблівыя адносіны паміж дзвюма сяброўскімі краінамі і народамі“ і заявілі, што бакі імкнуцца іх “умацоўваць і развіваць ва ўсіх сферах“.

У верасні мінулага года, віншуючы караля Саудаўскай Аравіі з нацыянальным днём, Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць наведаць гэтую краіну “ў зручны час”.

Згодна з тэкстам паслання, падчас візіту Лукашэнка хацеў бы абмеркаваць “найбольш актуальныя справы і ўзгадніць план далейшых сумесных дзеянняў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах”.

У афіцыйнага Мінска няма дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Саудаўскай Аравіі, за інтарэсы Беларусі ў гэтай краіне адказвае пасольства ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. 

Электаральная працэдура 26 студзеня 2025 года, якая называецца “сёмымі выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь“, адбылася пад поўным кантролем уладаў на фоне палітычных рэпрэсій. 

Станам на 7 лютага віншаванні з “перавыбраннем” Лукашэнка атрымаў ад лідараў 32 дзяржаў: Азербайджана, Алжыра, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ганы, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Кеніі, Кітая, КНДР, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, Манголіі, Нігерыі, Нікарагуа, ААЭ, Амана, Пакістана, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Шры-Ланкі, Экватарыяльнай Гвінеі і Эсваціні. 

Пра непрызнанне вынікаў “выбараў” у той ці іншай форме заявілі 40 дзяржаў: Аўстралія, Аўстрыя, Албанія, Андора, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Малдова, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя і Эстонія.

Падзяліцца: