Мінск 02:11

Палітзняволеную Марыя Калеснікаву выпусцілі з памяшкання камернага тыпу

Фота: прэс-служба Віктара Бабарыкі

7 лютага, Позірк. Напрыканцы снежня мінулага года Марыю Калеснікаву выпусцілі з памяшкання камернага тыпу (ПКТ) і вярнулі “ў атрад”, паведаміў 7 лютага тэлеграм-канал каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

“Спадзяёмся, што сувязь з Марыяй будзе адноўлена, — напісала сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітвязняў, сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — І хутка… у храналогію падзей за 4,5 гады (столькі палітзняволеная знаходзіцца ў няволі. — “Позірк”.) мы дадамо наступны пункт: “Марыя свабодная”.

6 верасня 2021 года Калеснікаву прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі. Яна адбывае пакаранне ў жаночай папраўчай калоніі № 4 (Гомель).

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была спікерам і кіраўніцай выбарчага штаба Бабарыкі. Пасля яго затрымання далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба разам з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост — Валерыя Цапкалы.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), якое стала ўскладненнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў медчастцы. Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 года. З-за інфармацыйнай блакады (рэжым інкамунікада) звестак пра стан Калеснікавай не было больш за паўтара года.

У інтэрв’ю BBC 23 кастрычніка ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт БРІКС, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць разгледзець прашэнне Калеснікавай аб памілаванні.

Журналіст Стыў Розенберг запытаўся, чаму ў яе ўжо працяглы час “няма доступу да сям’і”. “Якой сям’і? — адрэагаваў Лукашэнка. — А дзе яе сям’я, вы хоць ведаеце? Вы нават не ведаеце, што за сям’я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям’я? Хтосьці яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба — мы яе разгледзім”.

“Магчыма, там такая сям’я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. Вы дбаеце пра яе больш, чым родныя і блізкія. Таму нават калі вы звернецеся, мы вашу заяву разгледзім. Я кажу: разгледзім. “Так” ці “не” — гэта будзе відаць потым”.

Таццяна Хоміч заявіла “Позірку”, што сям’я вітае гатоўнасць разгледзець заяву аб памілаванні.

Падзяліцца: