Мінск 02:21

ДПК анансаваў правядзенне “рэжымных мерапрыемстваў” на мяжы з Польшчай і Украінай

7 лютага, Позірк. Аб правядзенні “рэжымных мерапрыемстваў” у Брэсцкім раёне паведаміў Дзяржаўны пагранічны камітэт.

Заяўленыя мерапрыемствы пройдуць 10–14 лютага на тэрыторыі Дамачаўскага і Тамашоўскага сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Адзначаецца, што Брэсцкая пагранічная група “ўзмоцніць кантроль за выкананнем правіл памежнага рэжыму”, дзеянні прадстаўнікоў ведамства “будуць накіраваныя на выяўленне і спыненне парушэнняў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы, прыродаахоўнага і міграцыйнага заканадаўства”.

Тэрыторыя Дамачаўскага сельскага выканкама знаходзіцца каля мяжы з Польшчай, Тамашоўскага — з Польшчай і Украінай.

Варшава чакае росту колькасці правакацый з боку Беларусі ў сувязі з выбарамі прэзідэнта Польшчы, якія прызначаны на 18 траўня. Правакацыі, якія “служаць для аслаблення адзінства польскай дзяржавы, праверкі працы польскіх службаў, а таксама ўмяшання ў палітычныя працэсы” назіраюцца ўжо цягам некалькіх гадоў. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю радыё RMF24 31 студзеня намміністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Залеўскі.

У 2024 годзе суседнія краіны Еўрапейскага саюза зафіксавалі 36.291 спробу мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — на 13,8% менш, чым у 2023-м (42.078 спроб), сведчыць аналіз звестак памежных службаў, праведзены “Позіркам”.

Пры гэтым 82,6% названых спроб (29.972) адбылося менавіта на польскім участку мяжы — адзіным, дзе па выніках года назіраўся рост іх колькасці (на 17,2%, в 2023 годзе іх было 25.571).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту і актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

13 чэрвеня 2024 года на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона (11 верасня яе дзеянне падоўжылі яшчэ на 90 дзён, а 10 снежня — яшчэ на 90). Польскія ўлады спачатку рапартавалі, што са з’яўленнем буфера патокі нелегалаў істотна скараціліся, але 26 верасня віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў пра ўзмацненне ціску на мяжы.

З 1 жніўня 2024 года польскае войска праводзіць аперацыю “Бяспечнае Падляшша”, у межах якой на дапамогу памежнікам, якія ажыццяўляюць ахову Беларусі, накіравалі некалькі тысяч вайскоўцаў.

Падзяліцца: