Мінск 16:14

Платформа па адказнасці для Беларусі перадала на ацэнку пракурора МКС матэрыялы супраць рэжыму Лукашэнкі

Крыніца: сацсеткі IAPB

8 лютага, Позірк. Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) перадала ў канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) “доказы і юрыдычны аналіз” дзеянняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

IAPB чакае, што гэтая структура “папярэдне вывучыць пытанне” пра тое, ці мае МКС юрысдыкцыю для “расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненыя беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з 1 траўня 2020 года”.

Адзначаецца, што ў перададзеных платформай дакументах “выкладзеныя фактычны і юрыдычны аналіз доказаў”, сабраных падчас інтэрв’ю са сведкамі і пацярпелымі, а таксама “матэрыялаў з адкрытых крыніц”.

“Паведамленне было падрыхтаванае ў сувязі з перадачай Літвой пытання пра сітуацыю ў Беларусі пракурору МКС 30 верасня 2024 года і зваротам 13 праваабарончых арганізацый, уключаючы платформу, да іншых дзяржаў — удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе”, — заяўляе IAPB.

У матэрыялах платформы ўтрымліваюцца “фактычныя звесткі, у тым ліку пра грамадзянскія пратэсты і рэакцыю дзяржавы, жорсткае абыходжанне падчас пратэстаў, затрыманняў, вобшукаў і ўтрымання пад вартай, іншыя парушэнні асноўных правоў, прымусовы выезд грамадзянскіх асоб з Беларусі і парушэнні правоў чалавека пасля выезду з Беларусі”.

“Акрамя таго, быў прадстаўлены юрыдычны аналіз пытанняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці і прымальнасці справы, а таксама адпаведныя дадаткі пра месцы ўтрымання пад вартай і дзяржаўныя структуры ў Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Платформа таксама накіравала адпаведныя матэрыялы “пяці дзяржавам, механізмам ААН па прыцягненні да адказнасці і Маскоўскаму механізму АБСЕ”.

“Захоўваецца вострая неабходнасць барацьбы з беспакаранасцю таксама шляхам правядзення нацыянальных расследаванняў і судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, з тым каб забяспечыць перамогу правасуддзя. Платформа гатовая перадаць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расследаванне парушэнняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі”, — адзначыла кіраўніца IAPB Андрэа Хубер.

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці — створаны ў 2021 годзе кансорцыум беларускіх і міжнародных няўрадавых арганізацый, які займаецца “зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі паводле міжнароднага права, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх”. IAPB сабрала больш за 29 тыс. дакументаў, якія маюць дачыненне да 2,6 тыс. апытаных, а таксама больш як 1 млн “архіваваных матэрыялаў з адкрытых крыніц”.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і дагэтуль супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.

Падзяліцца: