Мінск 19:56

Палітвязня Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць за “непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі” калоніі

Архіўнае фота: sb.by

8 лютага, Позірк. Суд Ваўкавыскага раёна (Гродзенская вобласць) 20 лютага пачне разглядаць новую справу палітвязня Эдуарда Бабарыкі, сведчыць расклад на партале электроннага судаводства.

Мужчына, якому 30 студзеня споўнілася 35 гадоў, абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, <…> здзейсненае асобай, якая асуджаная за цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства або дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў”. Санкцыя згодна з гэтай часткай артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Да затрымання ў чэрвені 2020 года Эдуард Бабарыка кіраваў ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты свайго бацькі экс-банкіра Віктара Бабарыкі (прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі, прызнаны палітвязнем). Раней узначальваў краўдфандынгавыя платформы Ulej і MolaMola.

Больш за тры гады мужчыну ўтрымлівалі ў следчым ізалятары. 5 ліпеня 2023 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Эдуарда Бабарыку да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (саўдзел у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (саўдзел у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК.

У ліпені 2024 года суд у Бабруйску (Магілёўская вобласць) прызнаў яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК і прыгаварыў да 2 гадоў зняволення.

Сілавыя структуры ўнеслі Бабарыку-малодшага ў “экстрэмісцкі” і “тэрарыстычны” спісы. Перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра тое, што маёмасць мужчыны прадаюць на аўкцыёнах.

Падзяліцца: