Мінск 11:56

З працягам паўнамоцтваў Лукашэнка павіншаваў эмір Катара

10 лютага, Позірк. За “ўмацаванне дружалюбных адносін” паміж Беларуссю і Катарам выказаўся эмір гэтай краіны шэйх Тамім бен Хамада аль-Тані ў віншаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з чарговым прадаўжэннем паўнамоцтваў апошняга.

Эмір пажадаў яму “дабрабыту і поспеху”, а Беларусі — “далейшага росквіту і развіцця”, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Віншаванні таксама паступілі ад намесніка эміра шэйха Абдалы бен Хамада аль-Тані і прэм’ер-міністра — міністра замежных спраў Катара шэйха Махамеда бен Абдэльрахмана бен Джасема аль-Тані.

Два гады запар Лукашэнка запрашаў кіраўніка арабскай дзяржавы наведаць Беларусь у віншаваннях эміру Тамім бен Хамада аль-Тані з Нацыянальным днём, але візіт так і не адбыўся.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўлены 16 студзеня 1996 года. У 2001–2008 і 2010–2018 гадах паслы Беларусі ў ААЭ былі акрэдытаваны ў Катары па сумяшчальніцтве. Цяпер амбасадар Беларусі ў Катары не прызначаны. Амбасада Беларусі ў горадзе Доха працуе з 2014 года. З лістапада 2019-га функцыянуе амбасада Катара ў Мінску, дзяржава прадстаўлена на ўзроўні часовага паверанага ў справах.

Актуальныя даныя па гандлі з Катарам адсутнічаюць. У 2020 годзе, паводле звестак МЗС Беларусі, зафіксавана значнае зніжэнне тавараабароту: да 2 млн 139,7 тыс. долараў супраць 4 млн 907 тыс. у 2019-м (на 47,7%).

Электаральная працэдура 26 студзеня 2025 года, якая называецца “сёмымі выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, прайшла пад поўным кантролем уладаў на фоне палітычных рэпрэсій.

Па стане на 10 лютага віншаванні з “перавыбраннем“ Лукашэнка атрымаў ад кіраўнікоў 33 дзяржаў: Азербайджана, Алжыра, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ганы, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Катара, Кеніі, Кітая, КНДР, Куба, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, Манголіі, Нігерыі, Нікарагуа, ААЭ, Амана, Пакістана, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Шры-Ланкі, Экватарыяльнай Гвінеі і Эсваціні.

Аб непрызнанні вынікаў “выбараў” у той ці іншай форме заявілі 40 краін: Аўстралія, Аўстрыя, Албанія, Андора, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя і Эстонія.

Падзяліцца: