Мінск 16:11

Спажывецкія кошты ў студзені 2024 года выраслі на 0,7%, у гадавым вымярэнні — на 5,2%

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

10 лютага, Позірк. На 0,7% выраслі спажывецкія кошты ў студзені 2025 года, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары падаражэлі на 1%, паслугі — на 0,4%; нехарчовыя тавары — на 0,5%.

У гадавым вымярэнні (да студзеня 2024 года) кошты павялічыліся на 5,2%. Харчаванне стала даражэйшым на 6,5%, нехарчовыя тавары — на 3,3%, паслугі — на 5,2%.

Беларусь з паказчыкам 5,16% заняла сёмае месца па росце спажывецкіх цэн у 2024 годзе на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі.

Па выніках студзеня яна была шостай (0,79%), студзеня — лютага і першага квартала — другой (1,74% і 2,22%), студзеня — красавіка — пятай (2,66%), студзеня — траўня — сёмай (2,77%), першага паўгоддзя — шостай (3,39%), студзеня — ліпеня і студзеня — жніўня — сёмай (3,42% і 3,35%), студзеня — верасня і студзеня — кастрычніка — шостай (3,80% і 4,27%), студзеня — лістапада — сёмай (4,57%).

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на мінулы год, інфляцыя не павінна была перавысіць 5%.

Назапашаны да пачатку года інфляцыйны навес “узмацняе рызыкі для цэнавай стабільнасці і фінансавага становішча прадпрыемстваў“, гаворыцца ў аглядзе даследчага цэнтра BEROC.

6 кастрычніка 2022 года Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту коштаў”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзенаt рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання коштаў.

18 кастрычніка 2024 года на той момант міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання коштаў” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

Сёлета 14 студзеня пры прызначэнні Артура Карповіча кіраўніком МАРГ Лукашэнка заявіў, што прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы ўлады будуць “кантраляваць і накіроўваць іх працу сапраўды гэтак жа, як прамысловыя“.

“Ваша задача — вывучыць досвед савецкага гандлю і зрабіць усё, каб на прылаўках быў асартыментны пералік тавараў, — звярнуўся ён да новага кіраўніка МАРГ. — Як спецыяліст вы разумееце, пра што я кажу. І кошты ні ў якім разе каб не скакалі, асабліва ўверх. Гэта вы павінны бачыць на аб’ектах гандлю — у крамах. Няважна, якой уласнасці яны, дзяржаўныя або прыватныя”.

Падзяліцца: