Мінск 15:53

Ухвалены праект пагаднення з Іарданіяй аб устараненні двайнога падаткаабкладання

Аман — сталіца Іарданіі
Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com

11 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 10 лютага ўхваліў праект міжурадавага пагаднення з Іарданіяй аб “ліквідацыі двайнога падаткаабкладання адносна падаткаў на даходы і прадухіленні ўхілення ад выплаты падаткаў і мінімізацыі падатковых абавязацельстваў”.

Як пазначана ў дакуменце, апублікаваным 11 лютага на Нацыянальным правым інтэрнэт-партале, праект узгоднены ў якасці “асновы для правядзення перагавораў”, якія з беларускага боку даручана весці Міністэрству па падатках і зборах (МПЗ).

Фіскальнае ведамства ўпаўнаважанае “пры неабходнасці ўносіць у яго змены, што не маюць прынцыповага характару”.

Адметна, што толькі за гэты год тры іншыя дзяржавы заявілі пра спыненне дзеяння такіх пагадненняў з Беларуссю.

6 лютага паведамлялася, што пра гэта афіцыйны Мінск праінфармавала Упраўленне па падатковых і мытных зборах Вялікабрытаніі. 14 студзеня Сейм Літвы ўхваліў законапраект аб дэнансацыі адпаведнага пагаднення. 2 студзеня Міністэрства фінансаў ФРГ адзначыла, што стасункі паміж краінамі ў гэтай сферы спынены.

17 снежня 2024 года Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла пра афіцыйнае апавяшчэнне Мінска ў тым, што часткова прыпыняе дзеянне Канвенцыі аб падатках 1973 года. Дакумент быў падпісаны з СССР, часткай якога на той момант была Беларусь.

Беларускія ўлады “нацэленыя на паглыбленне сяброўскіх, узаемапаважлівых стасункаў” з Іарданіяй і “развіццё ўсебаковай” супрацы з ёй, адзначыў Лукашэнка 25 траўня 2024 года, віншуючы з Днём незалежнасці караля гэтай краіны Абдалу II.

Пры гэтым у віншаванні сталіца Іарданіі Аман (Amman) была памылкова названая Аманам (Oman), гэтак жа як асобная дзяржава на паўднёвым усходзе Аравійскага паўвострава, што мяжуе з Еменам, ААЭ і Саудаўскай Аравіяй.

Указам № 210 ад 22 траўня таго ж года Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагаднення з Іарданіяй аб скасаванні віз для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларусь і Іарданіяй усталяваныя 15 кастрычніка 1996 года. Актуальных даных пра ўзровень тавараабароту паміж імі няма. Паводле даных адкрытых крыніц, у 2022 годзе ён склаў 2,2 млн долараў.

Падзяліцца: