Мінск 20:16

Крызіс у НАН можна пераадолець рэформамі ва ўмовах дэмакратызацыі Беларусі — група навукоўцаў

Архіўнае фота: unan.by

11 лютага, Позірк. Інстытуцыянальны крызіс, у якім цяпер знаходзіцца Нацыянальная акадэмія навук, “можа быць пераадолены дзякуючы комплекснаму рэфармаванню, магчымаму толькі ва ўмовах дэмакратызацыі ўсіх сфер грамадскага жыцця”, гаворыцца ў дакладзе, падрыхтаваным групай навукоўцаў, што вымушана з’ехалі з Беларусі з палітычных прычын.

Згодна з дакументам, апублікаваным на сайце дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, пра значнае пагаршэнне за апошняе дзесяцігоддзе ключавых паказчыкаў “беларускай навуковай экасістэмы”, на думку аўтараў, сведчаць “зніжэнне колькасці публікацый, скарачэнне колькасці патэнтных заявак і страта пазіцый у міжнародных рэйтынгах”. Гэта, лічаць навукоўцы, кажа пра “крызіс у навукова-даследчай дзейнасці”.

Паводле даных Сусветнага банка і Глабальнага інавацыйнага індэкса, Беларусь “адстае ад суседніх краін у колькасці даследчыкаў на душу насельніцтва і долі высокатэхналагічнага экспарту”.

“Гэтыя праблемы пагаршаюцца адтокам навуковых кадраў і міжнароднай ізаляцыяй з прычыны палітычнага крызісу ў краіне, а таксама кіраўнічымі рашэннямі, якія зніжаюць стымулы для інавацый у навукова-тэхналагічнай сферы”, — падкрэсліваюць аўтары (некаторыя раней працавалі ў Акадэміі навук).

На іх думку, НАН “адыйшла ад акадэмічнага стандарту” і з навуковай інстытуцыі ператварылася ў “своеасаблівае міністэрства з адпаведнай атмасферай і стылем кіравання”.

“Асаблівую ролю тут адыграла больш як дзесяцігадовае праўленне [старшыні прэзідыума Акадэміі навук Уладзіміра] Гусакова, некампетэнтнага навукоўца і аўтарытарнага кіраўніка. Публічныя выступы кіроўных чыноўнікаў НАН дыскрэдытуюць беларускую навуку і аўтарытэт навукоўца”, — лічаць складальнікі даклада.

“Хранічнае недафінансаванне” беларускай навукі пагаршаецца тым, што дзяржаўныя сродкі “размяркоўваюцца па розных навуковых сферах нераўнамерна і несправядліва”. Прыярытэтнымі з’яўляюцца не дзейсныя кірункі (тыя, дзе беларускія навукоўцы маюць публікацыі ў рэйтынгавых часопісах ды інш.), а “вобласці, блізкія кіраўніцтву НАН (напрыклад, аграрныя навукі), ці г. зв. “прарыўныя” праекты (напрыклад, касмічная праграма)”.

На думку аўтараў, беларуская навука “існуе ў адрыве ад сусветнай”, а інтэграцыя беларускіх навукоўцаў у сусветны кантэкст “мае кропкавы характар (асобныя адмыслоўцы)”.

“Міжнародная супраца (да 2020-га) адрознівалася істотнай перавагай у бок Расіі, — канстатуюць складальнікі даклада. — Паводле колькасці публікацый у Scopus і Web of Science Беларусь сур’ёзна саступае большасці суседніх краін і краін Усходняй Еўропы. У цэлым, даследаванні беларускіх навукоўцаў малавядомыя па-за межамі рускамоўнай навуковай супольнасці”.

Падзеі 2020 года і рэпрэсіі, а таксама поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, згодна з дакументам, “негатыўна паўплывалі на беларускую навуковую супольнасць”.

Сваю думку складальнікі даклада аргументуюць тым, што НАН пазбавілася многіх навукоўцаў (звольненыя без далейшай магчымасці займацца навукай, апынуліся ў зняволенні, вымушана пакінулі краіну ды інш.), прыпыненнем супрацы з заходнімі краінамі, пранікненнем “амаль ва ўсе сферы навукі” ідэалогіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, яго культу асобы.

Акрамя таго, негатыўны ўплыў чыніць уцягванне некаторых тэхнічных інстытутаў у расійскую агрэсію, садзейнічанне функцыянаванню расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

“Для рэформы НАН Беларусі і выхаду беларускай навукі на сусветны ўзровень неабходна ўзмацніць аўтаномнасць навукова-даследчых інстытутаў, зменшыць уплыў дзяржаўнай палітыкі на Акадэмію, перайсці да грантавай сістэмы фінансавання, узмацніць інтэграцыю НАН з універсітэцкай навукай праз стварэнне даследчых інстытутаў на базе дзяржаўных універсітэтаў”, — перакананы навукоўцы. На іх думку, укараненне Балонскай сістэмы спросціць інтэграцыю ўніверсітэтаў Беларусі ў сусветнае навуковае асяроддзе.

Дадаткова неабходна займацца папулярызацыяй навукі, стымуляваць развіццё ініцыятыў грамадзянскай навукі з максімальным укараненнем анлайн-тэхналогій у працу грамадзянскіх навукоўцаў, падтрымліваць стварэнне навуковых фестываляў і платформаў Open Science, садзейнічаць цікавасці моладзі да даследаванняў.

“Неабходна таксама забяспечыць празрыстую магчымасць камерцыялізацыі акадэмічных ведаў, у тым ліку трансфер тэхналогій, стымуляваць супрацоўніцтва універсітэтаў і прамысловасці ў правядзенні даследаванняў, уключаючы галіновае фінансаванне навукі, – прапануюць аўтары. — Укараненне штучнага інтэлекту, біятэхналогій і квантавых тэхналогій у прыярытэтныя сферы даследаванняў дазволіць Беларусі заняць канкурэнтаздольнае месца ў глабальнай навуковай супольнасці”.

Падтрымкі безвыніковай навуковай дзейнасці не будзе, заявіў Лукашэнка 31 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара.

Паводле слоў спікера, якія прыводзіць яго прэс-служба, ён “вельмі паважае”, “пакланяецца перад працай навукоўцаў”, дапамагаў ім, “наколькі гэта магчыма, разумеючы, што без навукі ніяк”.

“У гэтай пяцігодцы ўвага будзе яшчэ больш пільнай. Але гэтая ўвага не так — агулам і чохам, — заявіў Лукашэнка. — Я сказаў, чаму больш будзем надаваць увагу — тое, што патрабуецца на рынку сёння і ў грамадстве (не толькі ў нашым), тое мы і будзем падтрымліваць. Тое, што прыносіць грошы, сродкі. І як бы ні было цяжка, мы апошнія грошы аддамо для навукоўцаў, але патрэбны вынік. Без выніку ніякай падтрымкі быць не можа”.

Паводле слоў спікера, “сёння навука азначае незалежнасць дзяржавы”. Тэхналогіі, лічыць ён, “захапілі свет, а краіны, якія валодаюць імі, не проста багацеюць, але ўжо дыктуюць правілы жыцця, актыўна прасоўваюць новае светаўладкаванне”. “І суровая праўда жыцця ў тым, што мы вымушаныя змагацца за сваё месца ў новым высокатэхналагічным свеце”, — заявіў Лукашэнка.

3 снежня 2024 года на сустрэчы з працоўнай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Лукашэнка заявіў, што НАН “не стала драйверам апераджальнага навукова-тэхнічнага развіцця краіны на цяперашнім этапе”.

“У нас крытычна мала прарыўных навуковых дасягненняў, — цытавала спікера яго прэс-служба. — Ад дзейнасці акадэміі мы не бачым той аддачы, на якую разлічвалі. Няма манетызацыі даследаванняў і распрацовак Акадэміі навук. А гэта галоўны крытэрый ацэнкі эфектыўнасці”.

У гэтай сітуацыі, як адзначаецца, “устае пытанне ці патрэбная краіне Акадэмія навук у такім выглядзе ці лепш сканцэнтравацца на галіновай навуцы, навуцы ў ВНУ”.

Сярод іншага спікер раскрытыкаваў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, а таксама галіновыя міністэрствы — за адсутнасць замоў на навуковыя даследаванні.

“Няўжо ў галін няма запыту на навуковыя распрацоўкі? Як можна было дапусціць, што настолькі запатрабаваныя, да прыкладу, і найбольш фінансаваныя дзяржавай напрамкі, такія як беспілотнікі, космас, лічбавыя і біятэхналогіі, у прамым сэнсе аддадзеныя на водкуп самой Акадэміі навук? Яна сама сабе замоўшчык, выканаўца і кантралёр. Як у гэтых сферах можна абысціся без адмыслоўцаў-практыкаў, якія разумеюць, што менавіта трэба эканоміцы?” — абурыўся ён.

18 чэрвеня 2024 года Лукашэнка распарадзіўся стварыць працоўную групу па аналізе дзейнасці НАН. У яе ўключана 14 чалавек.

Першае пасяджэнне пад старшынствам кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава адбылося 25 чэрвеня. У ім удзельнічалі намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец, член-карэспандэнт НАН Міхаіл Мясніковіч, старшыня прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў ды інш.

Група павінна вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў, іх укаранення ў эканоміку і сацыяльную сферу; імпартазамяшчэння; экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі.

З0 ліпеня Лукашэнка патлумачыў рашэнне стварыць гэтую групу тым, што НАН у апошні час “дапускала сур’ёзныя пралікі”.

Падзяліцца: