Мінск 16:18

Мінімум 12 БПЛА заляцела на тэрыторыю Беларусі ноччу, у Гомельскай вобласці былі чутныя выбухі — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: УСУ

10 лютага, Позірк. Уначы на 10 лютага Расія масава атакавала Украіну ўдарнымі беспілотнікамі, мінімум 12 з іх заляцела на тэрыторыю Беларусі, у Гомельскай вобласці і Гомелі былі чутныя выбухі, сцвярджае незалежны рэгіянальны сайт “Флагшток“ (працуе ў выгнанні, мае ўласныя крыніцы).

Паведамляецца, што першы выбух быў зафіксаваны на поўдні Мазырскага раёна прыкладна ў 02:07, назіраўся кароткачасовы перапынак у падачы электразабеспячэння.

Паводле інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага канала “Ринда моніторить”, над тэрыторыяй Гомельскай вобласці быў зафіксаваны БПЛА, які ляцеў у напрамку Нароўлі. Сігнал ад беспілотніка быў страчаны недалёка ад пасёлка Барбараў (8 км ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода), дрон мог трапіць у зону дзеяння расійскай СПА ў раёне старога аэрадрома Вялікі Бокаў і быць збіты.

У Гомелі, як адзначаецца, “моцныя глухія выбухі напалохалі жыхароў усяго горада“, гук быў чутны ва ўсіх раёнах з інтэрвалам 15-20 секунд у 03:26. На поўдні горада нібыта чулі тры моцныя выбухі, ёсць інфармацыя пра выкарыстанне расейскіх сіл СПА ў Зябраўцы.

Выбух таксама пачуўся над Хойнікамі, прыкладна ў 03: 30. Мясцовыя жыхары паведамілі “Флагштоку”, што дрон упаў у раёне райвыканкама прыкладна ў гэты час і ледзь не трапіў у пяціпавярховы жылы дом № 3 па завулку Катоўскага, жыхароў дома эвакуіравалі і засялілі ў гасцініцу, бліжэйшыя крамы днём зачынілі. Пасля абеду, як паведамляецца, дрон вывезлі і ўзарвалі.

Паведамляецца, што прымяненне авіяцыі беларускім бокам не фіксавалася.

Паводле звестак Узброеных сіл Украіны, Расія атакавала 151 дронам, у небе знаходзіліся ўдарныя БПЛА тыпу “шахед“ і “беспілотнікі-імітатары“.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка ў лістападзе 2024 года заяўляў, што “мірнае неба — гэта ж не нешта ўмоўнае, абстрактнае. Гэта сапраўды калі свеціць сонца, няма дыму ад падпаленых гарадоў, вёсак, лясоў, калі не чакаеш прылёту беспілотнікаў, снарадаў“.

Летась 4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок іх збівае незалежна, украінскія яны ці расейскія.

Залет БПЛА ў Беларусь ён патлумачыў неспрактыкаванасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

Афіцыйныя ведамствы часцей за ўсё не каментуюць залёт расійскіх дронаў у Беларусь.

Падзяліцца: