Мінск 23:31

Прэзідэнт Лівана запрошаны ў Беларусь

Прэзідэнт Лівана Жазэф Аун
Архіўнае фота: агенцтва "Анадалу"

11 лютага, Позірк. Запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаць Мінск перадаў 11 лютага прэзідэнту Лівана Жазэфу Ауну міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, які знаходзіцца ў Бейруце.

Паводле інфармацыі МЗС, кіраўнік гэтай блізкаўсходняй дзяржавы “паведаміў, што абавязкова скарыстаецца запрашэннем наведаць” Беларусь.

Рыжанкоў таксама перадаў суразмоўцу віншаванне Лукашэнкі з нядаўнім абраннем на вышэйшую дзяржаўную пасаду, а таксама зычэнне “хутчэйшага вырашэння складаных задач, якія стаяць перад краінай”. Варта адзначыць, што ліванскае кіраўніцтва Лукашэнку з працягам паўнамоцтваў не віншавала, прынамсі публічна.

Беларускі міністр выказаў спадзеў, што пасля абрання прэзідэнта і фармавання ўрада беларуска-ліванскія стасункі “будуць пашырацца”.

Паводле слоў Рыжанкова, у “якасці жэсту сяброўства і падтрымкі ліванскага народа” ўлады Беларусі вырашылі перадаць Лівану 100 тон сухога малака і дзесяць аўтамабіляў хуткай дапамогі беларускай вытворчасці. Першая партыя ўжо прыбыла ў Бейрут.

Беларусь і Ліван, мяркуе чыноўнік, падобныя як “шматнацыянальныя і шматканфесійныя” краіны, якім “жыццёва важна праводзіць узважаную і прадуманую палітыку”.

Аун, паводле інфармацыі МЗС, адзначыў “традыцыйнае сяброўства ліванскага і беларускага народаў, звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі навучаецца шмат ліванскіх студэнтаў”.

У Ліване прэзідэнта абірае парламент. Пазіцыя кіраўніка дзяржавы была вакантнай два гады. 9 студзеня 2025 года камандуючы Узброенымі сіламі Жазэф Аун быў абраны прэзідэнтам, нягледзячы на канстытуцыйную забарону для суддзяў і дзяржслужачых першай катэгорыі абірацца на гэтую пасаду на працягу тэрміна паўнамоцтваў.

Падзяліцца: