Мінск 00:01

Прадстаўнікі БелГПП прадставяць у Італіі “экспартны патэнцыял” беларускіх прадпрыемстваў — BelPol

Крыніца: pixabay.com

11 лютага, Позірк. Прадстаўнікі мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) плануюць 23–28 лютага наведаць Турын і Мілан (Італія), паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

Арганізацыя звяртае ўвагу, што гэтымі днямі ў Мілане пройдуць буйныя міжнародныя выставы тэкстылю, пражы і валокнаў, прадукцыі гарбарнай і футравай вытворчасцей the Micam, Filo, Lineapelle, Mipel.

Паводле звестак BelPol, у межах візіту прадстаўнікоў БелГПП запланавана правядзенне “пленарных сесій” з прэзентацыямі “вытворчага і экспартнага патэнцыялу і паслуг беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый”. Таксама беларускія візіцёры маюць намер удзельнічаць у “круглых сталах” у бізнес-асацыяцыях Турына і Мілана для “вызначэння напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах”.

Паведамляецца таксама аб намеры прадстаўнікоў палаты правесці перамовы з італьянскімі прадпрымальнікамі і наведаць прадпрыемствы Турына і Мілана.

Візіт, паводле звестак BelPol, будзе прафінансаваны з бюджэту БелГПП, які, як заяўляецца, “забяспечаны народам Беларусі”.

Каманда BelPol “настроена прыняць меры па давядзенні вышэйназванай інфармацыі партнёрам і еўрапейскай грамадскасці”, гаворыцца ў публікацыі.

“Еўрапейскія інвестыцыі не павінны дапамагаць злачынным рэжымам, якія прыгнятаюць беларускі і знішчаюць украінскі народы”, — адзначае BelPol.

12 студзеня ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў паведаміў, што Беларуская гандлёва-прамысловая палата “праводзіць мерапрыемствы з партнёрамі як з Заходняй, так і з Усходняй Еўропы”.

“Я б сёння, напэўна, зыходзячы з таго, што ўведзеныя санкцыі і нашыя партнёры просяць часам не называць лічбы і канкрэтныя пазіцыі [гандлю], па іх просьбе мы гэта і робім…. Але хачу сказаць, што мы праводзім рэгулярныя сустрэчы: правялі пасяджэнне дзелавога савета ў Аўстрыі (выязджаў беларускі бізнес), літаральна нядаўна ў нас была дэлегацыя з Сербіі, з якой праводзілі пленарную частку і В2В перамовы з беларускімі кампаніямі”, — сказаў Мятлікаў.

“Праводзім мерапрыемствы і з іншымі партнёрамі: бізнес сустракаецца, і мы дапамагаем бізнесу падтрымліваць стасункі. Таму што шмат таварных пазіцый, якія несанкцыйныя, і па іх ідзе гандаль”, — рэзюмаваў старшыня БелГПП.

Падзяліцца: