Мінск 23:35

Фракцыя “Беларусы” ў КР прапануе абмяняць Верамейчыка на паланёнага УСУ беларуса Ананчыка

Фота: старонка Васіля Верамейчыка ў "Фэйсбуку"

11 лютага, Позірк. Дэлегаты фракцыі “Беларусы” (ранейшая назва — “Блок Пракоп’ева — Ягорава”) звярнуліся да Каардынацыйнай рады (КР) з просьбай паставіць на галасаванне пытанне аб звароце да ўладаў Украіны наконт сітуацыі з былым добраахвотнікам Васілём Верамейчыкам.

На іх думку, бягучы стан спраў на фронце ва Украіне “адкрывае акно магчымасцяў для абмену ваеннапалоннымі і спробы выратавання дэлегата КР Верамейчыка”.

Фракцыя адзначае, што грамадзянін Беларусі Дзмітрый Ананчык, які служыць па кантракце ў расійскім войску, быў узяты ў палон Узброенымі сіламі Украіны 19 снежня 2024 года. У інтэрв’ю ўкраінскім СМІ ён “падрабязна расказвае гісторыю свайго паланення і просіць, каб яго лёсам заняліся ўлады Рэспублікі Беларусь”.

“Мы лічым, што гэтыя абставіны стварылі ўнікальную магчымасць для абмену беларускімі ваеннапалоннымі. З нашага боку кандыдатам для такога абмену можа быць Васіль Верамейчык. Баявы афіцэр, які ваяваў за Украіну ў 2022-м, атрымаў раненне і дзяржаўную ўзнагароду Украіны — медаль “Україна — понад усё!” — за ўдзел у выратаванні больш за 60 украінскіх салдат з акружэння ў Мікалаеўскай вобласці ў красавіку 2022 года”, — гаворыцца ў рэлізе фракцыі.

Верамейчык, як сцвярджаецца, таксама з’яўляецца апазіцыйным палітыкам, сябрам Каардынацыйнай рады, ён “апынуўся ў руках беларускага КДБ пасля таго, як яму быў забаронены ўезд ва Украіну”.

“Ён планаваў вярнуцца на фронт, аднак атрымаў забарону на ўезд ва Украіну. Пасля Васіль Верамейчык атрымаў таксама адмову ў атрыманні ВНЖ у Літоўскай Рэспубліцы. Забарона Украіны паўплывала на рашэнне ДДБ Літвы, нягледзячы на тое, што менавіта ў Літве знаходзіцца яго сям’я. У сваю чаргу Грузія, дзе ён спрабаваў знайсці прытулак, таксама не ўпусціла ўкраінскага ветэрана ў сувязі з прарасійскай пазіцыяй грузінскага ўрада”, — заяўляюць “Беларусы”.

У фракцыі выказалі надзею, што пасля звароту КР кіраўніцтва Украіны “не ўпусціць магчымасць” абмяняць Верамейчыка на Ананчыка.

Верамейчык у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, затым пераехаў ва Украіну, дзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна “Волат”. Быў паранены, мае ўзнагароды.

У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Верамейчык быў абраны ў Каардынацыйную раду (фракцыя “Беларусы”) і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.

Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспекі з-за таго, што ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску. Яму была выдадзена забарона на ўезд у ЕС на 30 месяцаў.

Аб экстрадыцыі 34-гадовага былога добраахвотніка з В’етнама стала вядома 20 лістапада.

27 лістапада праваабаронцы прызналі былога добраахвотніка палітвязнем.

Каардынацыйная рада ў лістападзе 2024 года прапанавала ініцыяваць перамовы з беларускімі ўладамі пра абмен Верамейчыка на грамадзян Беларусі, асуджаных у Літве і Украіне за шпіянаж.

КР заклікаў урад Украіны прызнаць Верамейчыка ваеннапалонным і ўключыць у абменны фонд, а ўрады іншых краін — спыніць супрацоўніцтва з беларускімі сілавымі структурамі, “у тым ліку прыпыніць дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе”.

Падзяліцца: