Мінск 17:50

Дыпламаты Беларусі і Кубы абмеркавалі “магчымыя пункты росту” эканамічнай супрацы

Амбасадар Беларусі Віталь Барчук і намесніца кіраўніка МЗС Кубы Анаянсі Радрыгес Камеха
Фота: прэс-служба МЗС

12 лютага, Позірк. Копіі даверчых грамат уручыў 11 лютага намесніцы міністра замежных спраў Кубы Анаянсі Радрыгес Камеха амбасадар Беларусі Віталь Барчук.

Паводле інфармацыі прэс-службы знешнепалітычнага ведамства, бакі абмяняліся думкамі “па актуальных пытаннях беларуска-кубінскіх стасунках у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, культурнай, адукацыйнай і навуковай сферах”.

Дыпламаты таксама “абмеркавалі магчымыя пункты росту супрацы” ў галіне гарантавання харчовай бяспекі, машынабудавання і энергетыкі, аховы здароўя і фармацэўтыкі, турызму, у тым ліку “шляхам рэалізацыі сумесных праектаў”.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 ліпеня 2024 года кубінскага прэзідэнта Мігеля Дыяс-Канеля Бярмудаса з Днём нацыянальнага паўстання, адзначыў, што Беларусі і Кубе трэба не толькі пашыраць “супрацу ў традыцыйнай сферы гандлю”, але і выходзіць на “кааперацыйныя формы ўзаемадзеяння”.

Прэзідэнт Кубы на сустрэчы з беларускім прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам 17 ліпеня ў Гаване рашуча асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшанне ў яе справы.

Падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі на Кубу былі падпісаныя дакументы аб пастаўках Мінскам і Гаванай медыкаментаў адзін аднаму.

Куба і Беларусь таксама развіваюць супрацу ў вайсковай сферы. 29 студзеня пры Міністэрстве абароны быў акрэдытаваны вайсковы, вайскова-марскі і вайскова-паветраны аташэ амбасады Кубы ў Беларусі Мігель Анхель Перас Боўса.

“Важнасць працягу практычнага вектара ўзаемадзеяння, скіраванага на ўмацаванне супрацы ў вайсковай сферы”, адзначылі на сустрэчы ў Мінску летась 4 ліпеня міністр абароны Віктар Хрэнін і міністр Рэвалюцыйных узброеных сіл Кубы Альвара Лопес М’ера.

Кубінская вайсковая дэлегацыя таксама наведвала Беларусь у красавіку 2024 года. Тады бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці кантактаў па лініі ВПС і СПА, падкрэслівала Мінабароны.

20 сакавіка 2024 года ведамства паведаміла пра перамовы начальніка Генеральнага штаба УС Віктара Гулевіча (адпраўлены ў адстаўку 10 траўня) з міністрам М’ерам і начальнікам Генштаба гэтай краіны Рабэрта Легра Саталонга.

Падзяліцца: