Мінск 21:08

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў запрасіў дэмсілы Беларусі на свае сесіі

Крыніца: сацсеткі арганізацыі

12 лютага, Позірк. Бюро Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў (асамблея ў складзе Савета Еўропы) на пасяджэнні 10 лютага ў Люксембургу прыняло рашэнне запрасіць дэлегацыю дэмакратычных сіл Беларусі для ўдзелу ў сесіях кангрэса і яго статутных камітэтаў.

“Гэта стала яшчэ адным крокам у падтрымку мясцовай дэмакратыі і самакіравання ў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”, — адзначаецца на сайце арганізацыі.

Раней паведамлялася, што кангрэс мае намер запрасіць дэлегацыю Каардынацыйнай рады (КР) у складзе шасці чалавек.

Падчас зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) 27–31 студзеня з генеральным сакратаром згаданага кангрэса Мэцью Моры сустрэліся члены дэлегацыі КР, якія бралі ўдзел у пасяджэннях ПАСЕ, — спікер Анжаліка Мельнікава і Павел Латушка (прадстаўнікі фракцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”), Аляксандра Мамаева і Валер Мацкевіч (“Еўрапейскі выбар”), Маргарыта Ворыхава (“Моладзевы наступ”), Павел Церашковіч (“Наша Справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты”).

7 сакавіка 2024 года на Кангрэсе рэгіянальных і мясцовых уладаў у Страсбургу дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заклікала мясцовыя ўлады Еўропы надаваць больш увагі Беларусі. “Нам патрэбная падтрымка з боку ўсяго свету, і ў тым ліку з боку мясцовых уладаў”, — сказала палітык.

Дэмлідар заявіла пра неабходнасць “уключаць беларусаў у працу Савета Еўропы і Кангрэса мясцовых уладаў”, а таксама арганізаваць праграмы рэабілітацыі “для былых палітвязняў і дзяцей рэпрэсаваных, беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне і добраахвотнікаў”.

Кангрэс з’яўляецца трэцяй асноўнай інстытуцыяй Савета Еўропы (апрача Камітэта міністраў і ПАСЕ), куды ўваходзяць губернатары, мэры, лідары мясцовых уладаў з 46 краін СЕ.

Падзяліцца: