Мінск 13:18

Дзяржсакратар ЗША заклікаў вызваліць усіх беларускіх палітвязняў

13 лютага, Позірк. Вызваліць усіх беларускіх палітычных зняволеных заклікаў 12 лютага дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.

У заяве Рубіа, азагалоўленай “Вітаючы вызваленне грамадзян ЗША і палітычных зняволеных з палону ў Беларусі“, гаворыцца, у прыватнасці, што “моцнае кіраўніцтва прэзідэнта Трампа прывяло да вызвалення амерыканца, несправядліва затрыманага ў Беларусі, і двух палітычных зняволеных“.

“Я хачу асабліва падзякаваць ураду Літвы за супрацоўніцтва і дапамогу — яны застаюцца сапраўдным саюзнікам і сябрам. Я таксама хачу падзякаваць сваім супрацоўнікам у консульскім аддзеле, офісе спецыяльнага пасланца прэзідэнта ў справах закладнікаў і Бюро ў справах Еўропы і Еўразіі за ўсю тую напружаную працу, якая была праведзеная для забеспячэння гэтых вызваленняў“, — заявіў Рубіа.

“Мы па-ранейшаму адданыя справе вызвалення іншых грамадзян ЗША ў Беларусі і іншых краінах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1.300 палітычных зняволеных, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі“, — адзначыў кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.

Заява Рубіа стала другой, якую ён прысвяціў Беларусі на пасадзе дзяржсакратара ЗША. Першая была зробленая ім у сетцы Х (“Твітар”) 26 студзеня і тычылася амерыканскай грамадзянкі Анастасіі Нуфер, якая, паводле сцвярджэння Рубіа, таксама была невінаватай і вызваленая дзякуючы Трампу. Тады тэма беларускіх палітвязняў у заяве не ўздымалася. Гэтым разам заява размешчаная на сайце Дзярждэпартамента ЗША.

Пра выхад на волю экс-супрацоўніка “Радыё Свабода“ Андрэя Кузнечыка, асуджанай за ўдзел у пратэстах Алены Маўшук і неназванага грамадзяніна ЗША паведаміла каманда дэмлідара Святланы Ціханоўскай 12 лютага.

Падзяліцца: