Мінск 17:27

На мяжы з Літвой затрымалі двух чалавек з аэрастатамі

Скрыншот: відэазапіс Дзяржпагранкамітэта

13 лютага, Позірк. Двух грамадзян Беларусі затрымалі 11 лютага ў раёне вёскі Лазарышкі (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) паблізу мяжы з Літвой, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле звестак ведамства, лідскія аператыўнікі адпрацоўвалі “аператыўную інфармацыю”. На месцы затрымання знойдзена шэсць газавых балонаў, тры аэрастатычныя шары, а таксама тры GPS-трэкеры і сім-карты. “Выяўленыя прадметы вынятыя і дастаўленыя ў Лідскі пагранічны атрад. Па гэтым інцыдэнце праводзіцца далейшае разбіральніцтва”, — гаворыцца ў паведамленні.

5 лютага ў шэрагу раёнаў Гродзенскай вобласці, якія мяжуюць з Літвой, затрымалі чацвярых грамадзян з беспілотнымі лятучымі апаратамі.

Апошнім часам дроны і аэрастаты актыўна выкарыстоўваюць кантрабандысты, каб нелегальна дастаўляць у Літву грузы, у асноўным цыгарэты беларускай вытворчасці.

1 красавіка 2024 года набыў моц указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які забараняе ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, за “незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у пагранічнай зоне або пагранічнай паласе” прадугледжана адміністрацыйная адказнасць паводле арт. 24.19 КаАП — штраф да 50 базавых велічынь (да 2.100 рублёў).

Падзяліцца: