Мінск 14:05

За мінулыя суткі на пажарах загінула 5 чалавек — МНС

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

13 лютага, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 12 лютага да 6:00 13 лютага) у Беларусі адбылося 34 пажары, загінула пяць чалавек, сведчыць аператыўная зводка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Брэсцкай і Мінскай абласцях зафіксавана па 7 пажараў, Гомельскай — 6, Віцебскай — 5, Гродзенскай і Магілёўскай — па 4, у Мінску — 1.

Паводле інфармацыі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС адзін чалавек (1973 года нараджэння) загінуў у выніку пажару ў кватэры шматкватэрнага жылога дома на вул. Галавачова ў Гомелі. Яшчэ адзін (1980 г.н.) загінуў ад агню ва ўласным доме ў аграгарадку Баравікі (Светлагорскі раён).

Мінскае абласное ўпраўленне МНС паведаміла пра двух загінулых на пажары ў Мінскім раёне, падрабязнасці не прыводзяцца. Ніякіх дэталяў пра гібель чалавека ў Лёзненскім раёне таксама не прыводзіць Віцебскае абласное ўпраўленне МНС.

Ад пачатку года ў Беларусі адбылося 811 пажараў — на 13,3% больш, чым за той жа перыяд 2024-га (716). Загінула 110 чалавек (+17%; 94), траўмавана — 61 (-11,6%; 69), выратавана — 87 (-25,6%; 117).

Падзяліцца: