Мінск 22:15

Стасункі Азербайджана і Беларусі выходзяць на “якасна новы ўзровень”, заяўляе Аліеў

Амбасадар Беларусі Дзмітрый Піневіч і прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў (Баку, 13 лютага 2025 года)
Фота: прэс-служба Аліева

13 лютага, Позірк. Даверчыя граматы прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву 13 лютага ўручыў амбасадар Беларусі Дзмітрый Піневіч (былы міністр аховы здароўя), паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Адзначаецца, што бакі абмеркавалі “актуальны стан і перспектывы ўзаемадзеяння” дзвюх краін, а таксама “абмяняліся думкамі па пытаннях развіцця палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай супрацы”.

Аліеў, як паведамляе яго прэс-служба, заявіў, што паміж двума народамі і краінамі “існуюць дружалюбныя стасункі, заснаваныя на даверы”. Паводле яго слоў, развіццё двухбаковых стасункаў “прыносіць задавальненне”, і цяпер стасункі паміж Беларуссю і Азербайджанам “выходзяць на якасна новы ўзровень”. Ён таксама адзначыў наяўнасць “добрых магчымасцей для пашырэння эканамічнай супрацы”.

Кіраўнік азербайджанскай дзяржавы сярод іншага заявіў пра важнасць сваіх рэгулярных кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам, узгадаў візіт беларускага госця ў траўні 2024 года і ўдзел у лістападаўскім кліматычным форуме COP29 у Баку (сустрэчу праігнаравалі многія лідары дэмакратычных краін). Паводле слоў Аліева, такія “кантакты служаць пашырэнню супрацы”, падчас згаданых візітаў былі праведзеныя “вельмі плённыя перагаворы пра супрацу па розных напрамках”.

На сустрэчы з Піневічам, паводле інфармацыі прэс-службы Аліева, было закранута пытанне “ўдзелу беларускіх кампаній у аднаўленча-будаўнічых работах, якія праводзяцца на вызваленых ад акупацыі тэрыторыях Азербайджана”. Гаворка, відавочна, пра тэрыторыі Нагорнага Карабаха, кантроль над якім Баку ўсталяваў па выніках ваеннага канфлікту з Арменіяй — фармальнай саюзніцай Беларусі па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Нягледзячы на дэ-юрэ саюзніцкія стасункі з Ерэванам, афіцыйны Мінск актыўна наладжвае стасункі з Баку.

Найбольш вострыя фазы апошняга этапа азербайджанска-армянскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаха адбыліся напрыканцы 2020 года і напрыканцы 2023-га.

Увосень 2023 года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) абвясціла пра спыненне існавання самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 года.

Арменія, якая выступала на баку НКР, раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі ў вайне з Азербайджанам за Нагорны Карабах і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці арганізацыі.

22 траўня 2024 года прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў у парламенце: “У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашы саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члена АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. Паводле яго слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

Кіраўнік армянскага ўрада не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Лукашэнку.

13 чэрвеня таго ж года Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяваў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з Аліевым у сярэдзіне траўня.

4 снежня Пашынян адзначыў, што Арменія не накладвае вета на рашэнні, што прымаюцца ў рамках АДКБ, паколькі лічыць сябе па-за гэтым аб’яднаннем і не ўдзельнічае ў яго працы.

На сустрэчы лідараў краін Еўразійскага эканамічнага саюза 26 снежня прэм’ер-міністр Арменіі, выступаючы па відэасувязі, публічна адмовіўся прыязджаць на чарговы саміт ЕАЭС, які плануецца правесці ў траўні 2025 года ў Мінску.

Сёлета напрыканцы студзеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы ў Давосе (Швейцарыя) падзякавала Пашыняну за “прынцыповую пазіцыю Арменіі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і АДКБ”.

31 студзеня Пашынян заявіў, што яго дыялог з Лукашэнкам завершаны. Апошні раней заявіў, што ў вайне Азербайджана і Арменіі віна ляжыць на Ерэване: “Толькі іх віна”. Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўнік армянскага ўрада ў сваіх заявах прызнаў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Баку, калі мог гэтага і не рабіць.

12 лютага парламент Арменіі ў першым чытанні ўхваліў законапраект аб пачатку працэсу ўступлення ў Еўрасаюз (“за” — 63 дэпутаты, “супраць” — 7). Урад Арменіі ўхваліў законапраект 9 студзеня.

Падзяліцца: