Мінск 23:10

Праграма СНД па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму адпраўлена на дапрацоўку

13 лютага, Позірк. Праект Праграмы супрацоўніцтва краін СНД у сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму на 2026–2028 гады адпраўлены на дапрацоўку.

Да такога рашэння прыйшлі ўдзельнікі экспертнай групы, якія абмяркоўвалі палажэнні праграмы на пасяджэнні 12 лютага ў Мінску, паведамляе прэс-служба выканкама СНД.

У групу, як адзначаецца, увайшлі эксперты з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, а таксама прадстаўнікі структур СНД.

Падкрэсліваецца, што “неабходнасць прыняцця праграмы абумоўлена імкненнем дзяржаў Садружнасці адэкватна рэагаваць на змены ў аператыўнай абстаноўцы ў гэтай сферы”.

Дакумент падрыхтаваны з мэтай “удасканалення ўзаемадзеяння дзяржаў, статутных органаў і органаў галіновага супрацоўніцтва СНД”, гаворыцца ў паведамленні. “Мерапрыемствы праграмы прадугледжваюць удасканаленне арганізацыйна-прававых механізмаў супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, падрыхтоўку і правядзенне сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне, выяўленне і спыненне тэрарызму і экстрэмізму, інфармацыйна-аналітычнае і навуковае забеспячэнне дзейнасці дзяржаў — удзельніц СНД у гэтай сферы, развіццё кадравага патэнцыялу кампетэнтных органаў”, — удакладняецца ў рэлізе.

Згаданая праграма абмяркоўвалася 4 кастрычніка мінулага года на пасяджэнні Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў — удзельніц СНД у Астане (Казахстан).

ФСБ Расіі ў прэс-рэлізе адзначала, што акрамя гэтага планавалася “выпрацаваць меры па актывізацыі супрацоўніцтва пры арганізацыі пошуку членаў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і іншых радыкальных элементаў на каналах уезду-выезду ў дзяржавы СНД”.

Падзяліцца: