Мінск 19:52

Расійскі аўтамабіль Lada танней у Беларусі, чым у РФ, праз распродаж мадэляў 2022–2023 гадоў выпуску

Фота: motor.ru

13 лютага, Позірк. Больш выгадныя цэны на аўтамабілі канцэрна “АўтаВАЗ” у Беларусі, чым у Расіі, звязаныя з рэалізацыяй дылерамі мадэляў пэўных гадоў выпуску, паведаміў на штогадовым форуме ForAuto-2025 віцэ-прэзідэнт па продажах і маркетынгу гэтай кампаніі-вытворцы Дзмітрый Кастрамін.

“У Беларусі ідзе распродаж аўтамабіляў выпуску 2022–2023 гадоў, што дазваляе мясцовым дылерам прапанаваць аўто па больш нізкай цане”, — прыводзіць speedme.ru словы мэнэджэра.

Як адзначаецца, кошт новай мадэлі Lada Vesta NG у базавай камплектацыі Comfort складае 44.000 беларускіх рублёў (каля 1,23 млн расійскіх), тады як у РФ — не менш за 1,51 млн расійскіх рублёў, г.зн. у краіне, дзе збіраюць аўто, яны даражэй на 22,8%.

Універсал Lada Vesta SW NG даступны ў Беларусі коштам да 46,5 тыс. беларускіх рублёў (1,3 млн расійскіх), у РФ прадаўцы просяць на 26,2% больш — ад 1,64 млн расійскіх рублёў.

Раней паведамлялася, што ў Беларусі ў студзені 2025 года рэалізавана 4.299 новых легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў.

Лідарам упершыню за многія месяцы стаў брэнд Lada, які рэалізаваў 1.706 аўтамабіляў (доля рынку склала 39,7%). На працягу апошняга часу безумоўнае лідарства належала брэнду Geely (BelGee).

Не выключана, што на продажы паўплывала як раз нізкая цана на расійскія легкавушкі.

Агульныя даныя па продажах за студзень 2025-га, як і ў цэлым за 2024-ы ў адкрытым доступе не прыводзяцца.

Падзяліцца: