Мінск 22:52

Палац шлюбаў спрыяе “развіццю эмацыйных сувязяў паміж грамадзянамі і дзяржавай”, лічыць начальнік установы

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 13 лютага 2025 года ў 22:36

13 лютага, Позірк. Шэраг неадназначных заяў на тэму шлюбу і сям’і зрабілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі “Дзяржаўная падтрымка маладых сем’яў у Беларусі“, якая прайшла 13 лютага ў прэс-цэнтры мінскага Дома прэсы.

“Шлюб — гэта падзея, якая азначае пачатак новага жыцця двух маладых людзей“, — сказала начальнік Палаца грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама (раней Палац шлюбаў) Юлія Кочына. Яна не патлумачыла, чаму пасля шлюбу новае жыццё пачынаецца толькі ў маладых.

Гаворачы пра ўстанову, якую ўзначальвае, Кочына заявіла, што “тут спрыяюць стварэнню сям’і, развіццю эмацыйных сувязяў паміж грамадзянамі і дзяржавай“, “іншымі словамі, прапагандуюць сярод насельніцтва сямейныя абрады і традыцыі“.

“Дзяржава прыкладае вельмі шмат намаганняў, каб падтрымаць маладую сям’ю. Ну дзяржаве трэба нешта падтрымліваць. Калі маладыя сем’і не будуць стварацца, то яму і клапаціцца не пра каго будзе“, — з такім сцвярджэннем выступіла намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын (праўладны; нелаяльныя жаночыя аб’яднанні ліквідаваныя), намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава Іна Салдаценка.

Яна выступіла супраць незарэгістраваных шлюбаў. Паводле яе слоў, БСЖ выступае за тое, каб “падштурхоўваць нашу моладзь для ўступлення ў шлюб, для ўступлення ў сапраўдны шлюб, для стварэння сапраўдных сем’яў, а не грамадзянскіх шлюбаў“. “Толькі ў сапраўднай сям’і можна адчуць адказнасць адзін за аднаго і пры нараджэнні дзяцей адчуць сапраўдную адказнасць за сваё нашчадства“, — заявіла прадстаўнік арганізацыі.

Салдаценка і астатнія ўдзельнікі прэс-канферэнцыі не закраналі пытанне, чаму малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай народжаны па-за “сапраўдным шлюбам“.

Падзяліцца: