Мінск 01:15

Ціханоўская сустрэлася з амерыканскім дыпламатам Смітам, які вывозіў з Беларусі Кузнечыка і Маўшук

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 лютага, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская паведаміла ў сваім тэлеграм-канале аб праведзенай 13 лютага ў Вільнюсе сустрэчы з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстаферам Смітам.

“Спадар Сміт учора быў са “спецыяльнай аперацыяй” у Мінску — вызваліць нашых палітвязняў”, — падкрэсліла палітык.

“Я падзякавала спадару Сміту за яго намаганні, за ўзаемадзеянне і каардынацыю з Офісам і перадала асабістую ўдзячнасць прэзідэнту Трампу і дзяржсакратару Рубіа. Менавіта дзякуючы іх палітычнай волі гэта стала магчымым”, — адзначыла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, Сміт у сваю чаргу пацвердзіў, што палітвязні былі вызваленыя “аднабакова”, “без нейкіх саступак з амерыканскага боку” беларускім уладам.

“Я рада, што ў нас завязваюцца даверныя адносіны з новай амерыканскай адміністрацыяй, і ўчора мы ўбачылі канкрэтныя вынікі гэтага супрацоўніцтва”, — заявіла дэмлідар.

На сустрэчы, як паведаміла Ціханоўская, былі абмеркаваныя “наступныя крокі па вызваленні іншых палітвязняў”. “Так, наша мэта — каб усе выйшлі на волю, каб былі спыненыя рэпрэсіі. Гэта неабходная ўмова, каб мог пачацца нацыянальны дыялог. І я бачу, што з амерыканскага боку ёсць жаданне і гатоўнасць нам у гэтым спрыяць”, — удакладніла палітык.

Таксама, паводле яе слоў, на сустрэчы ўзнімаліся пытанні працягу стратэгічнага дыялогу ЗША і беларускіх дэмсілаў і далейшага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, “асабліва ў кантэксце бягучых перамоў па Украіне”.

“Нельга дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Расіі, і трэба рабіць усё магчымае, каб вывесці Беларусь з вайны”, — рэзюмавала Ціханоўская.

Інфармацыя аб вызваленні палітвязняў Андрэя Кузнечыка (экс-супрацоўнік “Радыё Свабода”) і Алены Маўшук, а таксама “грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца”, з’явілася ў тэлеграм-канале Ціханоўскай 12 лютага.

Гэтыя навіны палітык назвала “цудоўнымі”, а тых, хто вызваліўся — “закладнікамі рэжыму”.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа вітаў вызваленне гэтых людзей. “Мы па-ранейшаму адданыя справе вызвалення іншых грамадзян ЗША ў Беларусі і іншых краінах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1.300 палітычных зняволеных, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі”, — адзначыў кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства ў заяве 12 лютага.

Падрабязнасці вывазу Кузнечыка і Маўшук у Літву Сміт паведаміў у каментары тэлеканалу CNN.

“Гэта была спецыяльная аперацыя, падчас якой мы перасеклі беларускую мяжу, прыбылі ў Мінск і сустрэліся з беларускімі калегамі, якія перадалі нам гэтых трох затрыманых. Яны былі перададзеныя ў наша распараджэнне, пасля чаго мы вывезлі іх у Літву. Асаблівая падзяка Літве за аказаную падтрымку. Як ужо згадвалася, сярод вызваленых ёсць адзін грамадзянін ЗША, што з’яўляецца велізарнай перамогай і водгукам на стратэгію “мір праз сілу” прэзідэнта Трампа. Беларусы рэагуюць на гэта, і мы будзем працягваць працаваць, пакуль не вернем дадому ўсіх амерыканцаў”, — сказаў амерыканскі дыпламат.

Вызвалены амерыканец не Юрась Зянковіч — Вячорка

12 лютага, Позірк. Амерыканец, вызвалены 12 лютага разам з пазаштатным супрацоўнікам беларускай службы радыё "Свабода" Андрэем Кузнечыкам і шматдзетнай маці Аленай Маўшук, — не адвакат Юрый Зянковіч. Пра гэта паведаміў “Позірку“ галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, каментуючы здагадкі, што …

Падзяліцца: