Мінск 04:52

Латушка: Асобы, якія планавалі замах на мяне, маглі адначасова займацца ў Польшчы шпіянажам

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 14 лютага 2025 года ў 11:11

Павель Латушка
Крыніца: "Белсат"

13 лютага, Позірк. Асобы, якія планавалі замах на Паўла Латушку, маглі адначасова займацца ў Польшчы шпіянажам. Такую выснову кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай зрабіў, атрымаўшы ліст з Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

“Нацыянальная пракуратура Польшчы працягвае расследаванне ў рамках крымінальнай справы аб падбухторванні ўстаноўленай асобы да забойства ў інтарэсах замежных спецслужбаў. У сувязі з тым, што па гэтай справе я з’яўляюся пацярпелым, я атрымаў адтуль афіцыйнае апавяшчэнне аб выдзяленні ў асобную вытворчасць крымінальнай справы па расследаванні злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 (шпіянаж), параграф 1, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Польшча. Артыкул прадугледжвае расследаванне ўдзелу канкрэтнай асобы (асоб) у дзейнасці замежнай выведкі або на карысць замежнай выведкі супраць інтарэсаў Рэспублікі Польшчы“, — заявіў “Позірку“ Латушка.

“Зыходзячы з гэтага, — працягнуў палітык, — можна зрабіць выснову, што Нацыянальная пракуратура Польшчы падзяляе расследаванне на дзве крымінальныя справы. Першая — падбухторванне і замах на забойства ў дачыненні да мяне. Другая крымінальная справа, магу выказаць здагадку, звязаная з тым, што асобы, якія планавалі ажыццявіць забойства, адначасова займаліся шпіянажам на тэрыторыі краіны. Фактычна ў асобную вытворчасць выдзеленая крымінальная справа аб шпіянажы супраць Рэспублікі Польшча”.

Пра расследаванне справы стала вядома ў ліпені 2024 года. Яна была распачатая паводле артыкулаў пра “падбухторванне да забойства” і “дзейнасць замежных спецслужбаў”. “Паводле неафіцыйнай інфармацыі з сілавых структур Польшчы, якой я валодаю, з пачатку года было папярэджана дзве пагрозы ў дачыненні да мяне на польскай тэрыторыі”, — заявіў тады Латушка ў каментары “Позірку”.

“Апошнім часам, — адзначыў таксама палітык, — мы фіксуем актывізацыю спробаў ціску на канкрэтных членаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з боку асоб, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ. Яны ўжываюць метады подкупу, шантажу, пагроз, рэпрэсій у дачыненні да родных і блізкіх членаў нашай каманды. У нас зафіксаваныя доказы гэтых дзеянняў”.

Гл. таксама:

Латушка: Вызвалены ў рамках абмену расійскі шпіён Павел Рубцоў мінімум двойчы прыходзіў у офіс НАУ ўзяць інтэрв’ю

Падзяліцца: