Мінск 01:59

Продажы “БелДжы” ў Расіі зніжаюцца трэці месяц запар

Крыніца: сайт "БелДжы"

14 студзеня, Позірк. Беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” (BelGee) у студзені 2025 года прадаў на расійскім рынку 1.816 новых легкавых аўтамабіляў — на 15,8% менш, чым у снежні 2024-га (2.158), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных кансалтынгавай кампаніі “АСМ-холдынг” (РФ).

У 2024 годзе ніжэйшыя, чым у мінулым месяцы, продажы былі толькі ў студзені (527) і лютым (1.065). У сакавіку было рэалізавана 2.752 адзінкі, красавіку — 3.020, траўні — 3.601, чэрвені — 3.250, ліпені — 3.742, жніўні — 3.482, верасні — 3.659, кастрычніку — 4.352, снежні — 2.158.

У студзені 2025 года “БелДжы” заняў 8-е месца (у снежні — 12-е) сярод усіх прадстаўленых у РФ марак гэтага сегмента аўтарынку, доля рынку склала 2,1% (1,8%).

Усяго за 2024 год на рынку РФ рэалізавана 34.775 аўтамабіляў гэтага вытворцы — 9-е месца, 2,2%.

Продажы “БелДжы” ў Расіі пачаліся ў верасні 2023-га. У першы месяц было рэалізавана 19 аўтамабіляў.

Першапачаткова прадавалася толькі адна мадэль — красовер X50, створаны на аснове Geely Coolray. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прызнала гэты аўтамабіль лепшым у 2023 годзе ў катэгорыі SUV (ад англ. sport utility vehicle — “спартыўна-утылітарны аўтамабіль”).

24 ліпеня 2024 года брэнд абвясціў пра старт продажаў універсальнага сярэднепамернага красовер X70 у дылерскіх цэнтрах РФ. Ён даступны як з пярэднім, так і з поўным прывадам, і сістэмай “мяккага” гібрыда.

Раней генеральны дырэктар беларуска-кітайскага сумеснага прадпрыемства “БелДжы” Генадзь Свідзерскі заяўляў, што рост утыльзбору не павінен моцна паўплываць або зусім не паўплывае на кошт аўтамабіляў брэнда.

Завод “БелДжы” быў адкрыты 17 лістапада 2017 года ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць). Цяпер яго акцыянерамі з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і кітайскія кампаніі Zhejiang Jirun Automobile, CITICC International Investment Limited, Shenzhen Shentou Investment.

Падзяліцца: