Мінск 02:05

Улады Беларусі ўчынілі шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека — Група экспертаў ААН

Савет ААН па правах чалавека
Крыніца: ohchr.org

14 лютага, Позірк. Урад Беларусі “ўчыніў шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва”, канстатуецца ў першым дакладзе створанай у красавіку 2024 года Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Згодна з паведамленнем, апублікаваным 14 лютага на сайце Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), гэтыя парушэнні, на думку групы, з’яўляюцца “часткай жорсткіх намаганняў па задушэнні любой апазіцыі праўленню прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”. Пры гэтым “некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці”.

Адзначаецца, што парушэнні адбываліся “ў кантэксце больш шырокіх намаганняў”, скіраваных на захаванне ўлады Лукашэнкі.

Сярод “найбольш абуральных” парушэнняў, зафіксаваных групай экспертаў, названыя адвольныя арышты і затрыманні з палітычных матываў, што “стала неад’емнай часткай тактыкі” беларускіх уладаў.

У дакладзе адзначаецца, што мужчыны і жанчыны, якія знаходзяцца пад вартай, рэгулярна зазнавалі катаванні і жорсткае абыходжанне, “уключаючы збіццё, электрашок і пагрозы аб згвалтаванні не толькі зняволеных, але і іх партнёраў”. Як сцвярджаецца, супрацоўнікі праваахоўных органаў праяўлялі відавочную жорсткасць у дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТіК+, ужываючы фізічны гвалт і выказванні, што прыніжаюць чалавечую годнасць.

Згодна з дакладам, парушэнні насілі масавы, сістэматычны характар і былі скіраваныя супраць грамадзянскіх асоб, якія выступаюць з крытыкай урада. На думку групы экспертаў, маюцца разумныя падставы меркаваць, што “некаторыя парушэнні прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці ў форме зняволення ў турму і пераследу з палітычных матываў”.

Адзначаецца, што ў калоніях людзі зазнавалі “асабліва дыскрымінацыйнае абыходжанне, скіраванае на іх пакаранне”, якое “ў цэлым служыць мэтай задушэння палітычнага супраціву”. Канстатуецца, што многія з іх “былі арыштаваныя неаднаразова, у тым ліку адразу пасля першага вызвалення”.

Група экспертаў падкрэсліла, што ў выніку змянення законаў аб “экстрэмізме”, пераследу адвакатаў і фактычнага пераходу адвакацкай калегіі пад кантроль Міністэрства юстыцыі, улады “стварылі сістэму, якая сістэматычна парушае правы грамадзян Беларусі на справядлівае судовае разбіральніцтва”.

У 2024 годзе ўрад зрабіў захады, скіраваныя на ліквідацыю большасці патэнцыйных крыніц іншадумства і апазіцыі, гаворыцца ў дакладзе. Сёння беларускія праваахоўныя органы маюць “удасканаленыя сродкі лічбавага назірання”, якія выкарыстоўваюць для “маніторынгу актыўнасці грамадзян у інтэрнэце, што часта прыводзіць да судовага пераследу”. Акрамя таго, як адзначаецца, летась было ліквідавана не менш як 228 арганізацый грамадзянскай супольнасці.

У выніку гэтых працяглых парушэнняў “сотні тысяч грамадзян” пакінулі Беларусь з 2020 года, у тым ліку юрысты, актывісты, члены арганізацый грамадзянскай супольнасці і журналісты. Нягледзячы на вымушанае выгнанне, многія з іх прыцягваюцца да адказнасці і асуджаюцца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам за “дыскрэдытацыю Беларусі” і “змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады”, адзначаецца на сайце СПЧ.

Група экспертаў заявіла пра важнасць “судовых і пазасудовых механізмаў” прыцягнення да адказнасці. Аўтары дакладу лічаць, што выяўленне і судовы пераслед асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і злачынствах супраць чалавечнасці, з’яўляецца “ключавым фактарам для спынення атмасферы беспакаранасці і неад’емнай часткай правасуддзя для ахвяр”.

Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створана СПЧ 4 красавіка 2024 года “на аднаўляльны перыяд у адзін год” для расследавання і вызначэння фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўціскаў правоў чалавека і парушэнняў, здзейсненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, у тым ліку іх гендэрныя і ўзроставыя аспекты і іх уздзеянне на ахвяр і пацярпелых.

Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 года. У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базілі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія; кіраўніца групы).

Падзяліцца: